«Поле цудаў» у «Ждановічах» зачыняецца
36- 26.11.2013, 17:28
- 54,961
Праца рэчавага рынку «Поле цудаў» на «Ждановічах» з 2 снежня прыпыняецца на нявызначаны тэрмін.
Пра гэта паведаміў парталу «Інтэрфакс» начальнік інфармацыйна-рэкламнай службы ТАА «Гандлёвы дом «Ждановічы» Віталь Горбач.
- З 2 снежня праца рэчавага рынку «Поле цудаў» прыпыняецца для распрацоўкі мерапрыемстваў па прывядзенню ўмоў гандлю ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, - удакладніў ён.
Падрабязную інфармацыю пра прычыны закрыцця «поля цудаў» і пра тое, якія меры па ўдасканаленні яго работы плануецца распачаць, у ГД «Ждановічы» паабяцалі паведаміць пазней.
Рэчавы рынак «Поле цудаў» размешчаны на тэрыторыі гандлёвага мястэчка «Лебядзіны» справа ад шашы «Менск - Маладзечна» і паўкругам аблямоўвае яго тэрыторыю. Гандлёвы дом «Ждановічы» з'яўляецца адным з найбуйнейшых гандлёвых рынкавых комплексаў Беларусі.
Фота: more-than-no.livejournal.com