Горш за Мюнхэн
14- 26.11.2013, 19:09
- 21,864
Патуранне дыктатарам з'яўляецца ўверцюрай да яшчэ больш жудасных рэчаў.
Жэнэўскае пагадненне «шасцёркі» з Іранам нават горшае, чым іншыя ганебныя пагаднення ў гісторыі Захаду. Гаворка ідзе пра Мюнхэнскае ад 1938 года і Парыжскае ад 1973 года аб вывадзе войскаў ЗША з В'етнама, мяркуе аглядальнік The Wall Street Journal Брэт Стывэнс.
У 1938 годзе залагоджванне «дапамагло Захаду здабыць год на пераўзбраенне». Парыжскае пагадненне аўтар уважае за здраду ў дачыненні да Паўднёвага В'етнама, хаўрусніка ЗША, але прызнае, што замірэнне ўсё ж адпавядала інтарэсам ЗША. Што ж да Жэнэўскага пагаднення, яно, на думку Стывенса, не мае выбачальных або кампенсавальных аспектаў, піша Inopressa.ru.
Падумайце над гістарычнымі паралелямі, заклікае аўтар. «Вялікабрытанія і Францыя прыбылі ў Мюнхэн як «слабакі» ў вайсковым аспекце - цяпер ЗША ды іхныя хаўруснікі глядзяць на Іран з пазіцыі пераважнай сілы. Вялікабрытанія і Францыя здабылі час на пераўзбраенне - цяпер ЗША ды іхныя хаўруснікі далі Ірану лішні час на назапашванне запасаў урану і развіццё яго ядзернай інфраструктуры. Тады Англія і Францыя былі вельмі зацікаўлены ва ўсялякім пагадненні, абы ўнікнуць вайны, - цяпер жа адміністрацыя Абамы ігнаруе шырокую дзвюхпартыйную большасць у абедзвюх палатах Кангрэса дзеля ўгоды», - тлумачыць аўтар.
Ніксан вывеў войскі з В'етнама на фоне стабільнага паляпшэння стасункаў з Пекінам, якое дапамагло змяніць баланс сіл на шкоду Маскве. «А цяпер ЗША спрабуюць ненадоўга палепшыць стасункі з Тэгеранам коштам трывалага «альянсу вартасцяў» з Ізраілем і альянсу на грунце агульных інтарэсаў з Саудаўскай Арабіяй», - піша аўтар.
Аўтар знаходзіць і агульныя рысы Жэнэўскага пагаднення з Мюнхэнскай і Парыжскай: усё гэта здрады ў дачыненні да маленькіх краін і перамогі дыктатур, а таксама ўверцюры да яшчэ больш жудасных рэчаў.
Стывэнс прагназуе: пасля Жэнэвы на Блізкім Усходзе запануе хаос і ЗША страцяць вагары ўплыву на сяброў і ворагаў. Іран вызваліцца ад санкцый і пяройдзе на этап «ядзернай амбівалентнасці», Саудаўская Арабія прыдбае ядзерныя сілы стрымлівання. Егіпет задумаўся аб сваім ядзерным варыянце і набліжаецца да альянсу ў сфэры бяспекі з Расеяй. Пасля Жэнэвы імкліва ўзрасла імавернасць ізраільскага ўдару па іранскіх ядзерных аб'ектах, а таксама яшчэ адной вайны Ізраіля з «Хізбалагам».
Выснова аўтара такая: Абама выкінуў на сметнік сістэму альянсаў, якую ЗША стварылі, каб не дапускаць замежнапалітычнага «фрылансу».
Фота: AFP