20 красавiка 2024, Субота, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«МАПІД» скароціць 30 тысяч рабочых з-за рэзідэнцыі Лукашэнкі

91

Заказчыкі рэзідэнцыі Лукашэнкі не могуць разлічыцца з будаўнікамі за выкананыя працы.

Падобна на тое, што з будаўніцтвам новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску ўзнікаюць тыя ж праблемы, якія былі і пры будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі.

Недабудоўля

Зрэшты, работы выкананыя яшчэ не да канца. Нягледзячы на тое, што для «асабліва абраных» у так званым «Палацы незалежнасці» ўжо водзяць экскурсіі, прычым, экскурсаводам выступае сам мэр Менска Мікалай Ладуцька, рэзідэнцыя ўсё яшчэ не дабудаваная. Таму нядзіўна, што простым грамадзянам трапіць на экскурсію ў гэты палац нельга.

Палац беларускага кіраўніка прыгожа выглядае толькі з фасадаў. Асабліва прыемна на яго паглядзець раніцай або познім вечарам - мабыць, падсвятленне у ім працуе кругласутачна. Аднак з тарца будынка, а канкрэтна з вуліцы Арлоўскай ён не гэтак уражвае. Па іншы бок ад палаца да гэтага часу стаяць «бытоўкі» для рабочых, якія ўзводзілі гэты будынак і працягваюць у ім працаваць, перадае карэспандэнт charter97.org.

З самай раніцы ў гэтыя «бытоўкі» прыязджаюць рабочыя. Там яны пераапранаюцца, і на вачах ва ўсіх, праз пешаходныя пераходы ідуць працаваць на «аб'ект». Так пра якую ж «здачу» Палаца незалежнасці можа ісці гаворка, калі людзі там да гэтага часу працуюць?

Прычым, праца там пачынаецца з самай раніцы - ужо ў 8.30 можна ўбачыць, як хтосьці кудысьці нясе будматэрыялы, астатнія паволі «падцягваюцца» на працоўныя месцы.

 

Зрэшты, асноўныя работы ўжо завершаныя Але ў будынку да гэтага часу працуюць аздабляльнікі і дэкаратары.

Зразумела, трапіць у будынак нельга. Што дакладна працуе, па трапным выразе прэзідэнта Расеі Пуціна, «у засценках» у Лукашэнкі, так гэта сістэма відэаназірання. Па словах работнікаў, гэтая сістэма вельмі добра «засякае» парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. Былі выпадкі, калі за «перакур» на аб'екце рабочыя адхіляліся на некаторы час ад выканання сваіх абавязкаў.

Праца кіпіць

Зараз у будынку працуюць дэкаратары і мадэльеры інтэр'ераў. У большасці сваёй гэта сапраўды беларускія вытворцы. За «дзяржзаказ» на афармленне рэзідэнцыі была сапраўдная барацьба.

Напрыклад, вельмі доўга праз тэндэры выбіралася аздабленне залаў. У выніку да чэрвеня 2013 года некаторыя памяшканні было вырашана дэкараваць габеленамі. Ткачыхі Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага саюза мастакоў узяліся за працу. Аднак да адкрыцця палаца, зразумела, не паспелі, - праца гэта вельмі карпатлівая, а габеленшчыцы на Барысаўскім камбінаце, у асноўным, жанчыны сталага ўзросту. Хутка працаваць яны не могуць, да таго ж не дазваляе тэхналогія. Дыван памерам два на тры метры ўшасцёх у дзве змены ткуць два з паловай месяца...

У выніку па ініцыятыве некаторых асоб габелены было вырашана замяніць роспісамі. Праца над роспісамі таксама пачалася, аднак ткачыхі ў гэты час ужо напалову выканалі сваю працу. Замяніць габелены роспісам - значыць, застацца без заказу і зарплаты. Ткачыхі паскардзіліся на такое рашэнне міністру культуры Барысу Святлову, у выніку «дыхт» атрымаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч. А габеленшчыцы засталіся пры сваім заказе.

Толькі вось колькі грошай было выдаткавана на бескарысныя роспісы і ці заплацілі каму-небудзь за гэтую працу?

У будынку над афармленнем залаў працуе шмат народа з Саюза мастакоў: керамісты, дэкаратары і гэтак далей. Яны робяць для рэзідэнцыі карціны, дэкаратыўныя талеркі на сцены, афармляюць каміны, і іншае ўбранне. Аднак многія лічаць, што аплаты за свае працы не атрымаюць. Яны ўжо атрымалі перадаплату - прыкладна 20% ад кошту заказаў. Калі выплацяць, і ці выплацяць наогул астатнія грошы тым, хто завяршыў працу - невядома.

Фінансы спяваюць рамансы

Самая дрэнная сітуацыя - у будаўнікоў, якія ў аўральным парадку дараблялі новую рэзідэнцыю Лукашэнкі.

Хадзіла шмат чутак, колькі ж каштуе гэты будынак. На адным з «карпаратываў» галоўны інжынер прагаварыўся будаўнікам: кошт работ без уліку выпраўлення недаробак і розных «даводак», а таксама афармлення і іншага - 5 мільярдаў еўра. З «даводкамі» і афармленнем кошт можа вырасці ў паўтара, калі не ў два разы.

І гэта нядзіўна. Бо будаўнікі самі бачылі матэрыялы, якія яны выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні гэтага палаца. Напрыклад, плітку, якую адмыслова прывозілі для рэзідэнцыі з Італіі. Кошт адной пліткі памерам у дзве далоні - 200 еўра. Таму ніхто словы інжынера не аспрэчваў.

Але самае цікавае, што з будаўнікамі за ўзвядзенне гэтага «цуду інжынернай думкі» так і не разлічыліся.

Па чутках, тыя, хто працаваў на «дзяржаўным аб'екце», зараблялі па 5-6 мільёнаў беларускіх рублёў у месяц. Зараз жа за кастрычнік яны атрымалі па паўтара-два мільёны. Таму, што за «дзяржаўны аб'ект» не расплаціліся.

Асноўным будаўніком гэтага палаца было ААТ «МАПІД» - найбуйнейшае ў Рэспубліцы Беларусь будаўнічае прадпрыемства. Пагаворваюць, што запазычанасць дзяржавы за ўзвядзенне гэтага палаца перад «МАПІДам» склала каля чатырох мільярдаў даляраў.

У гэтай сітуацыі «МАПІД» скарачае будаўнікоў. Па тых жа размовах рабочых, плануецца звольніць або адправіць у адпачынкі, ці яшчэ нейкім чынам пазбавіцца ад 30 тысяч будаўнікоў.

Зразумела, будаўнікі не знікнуць. У Менску будуецца шмат аб'ектаў, і заўсёды ёсць магчымасць з'ехаць працаваць за мяжу. Аднак будаваць рэзідэнцыю «у доўг» - гэта ўжо занадта, так?

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках