19 красавiка 2024, Пятніца, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура: Менск абсалютна карумпаваны

68
Пракуратура: Менск абсалютна карумпаваны

Да карупцыі ў той ці іншай ступені схільныя практычна ўсе галіны і сферы дзейнасці.

Пра гэта, як паведаміў БелаПАН старшы памочнік пракурора горада Сяргей Балашоў, было заяўлена на гарадской каардынацыйнай нарадзе ў барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

На нарадзе абмяркоўваўся стан барацьбы з карупцыяй і эфектыўнасць мер, што прымаюцца для спынення праяў карупцыі, а таксама стан пракурорскага нагляду ў гэтым пытанні. Яшчэ адной тэмай было расследаванне і судовы разгляд крымінальных спраў аб злачынствах, звязаных з карупцыяй.

Са слоў Балашова, за дзевяць месяцаў 2013 найбольшая колькасць злачынстваў, звязаных з карупцыяй, зарэгістраваная ў прамысловасці - 97, адукацыі - 59, дзяржаўным кіраванні - 35, гандлі - 30, ахове здароўя - 22, будаўніцтве - 17.

У Менску, як адзначалася на нарадзе, за апошнія пяць гадоў назіраецца рост выяўленых злачынстваў, звязаных з карупцыяй. Прычым у гэтым годзе паказчык самы высокі за апошнія пяць гадоў. Так, за дзевяць месяцаў 2013 года ў горадзе зарэгістравана 354 карупцыйныя злачынствы. На фоне агульнага зніжэння колькасці ўсіх зарэгістраваных злачынстваў на 3,5% доля карупцыйных узрасла з 1,34% у 2012 годзе да 2,05% у гэтым.

Назіраецца нязначнае зніжэнне колькасці выяўленых фактаў перавышэння ўлады. Не выяўляліся пасрэдніцтва ў хабарніцтве, бяздзейнасць службовай асобы (адно ў 2012 годзе), легалізацыя матэрыяльных каштоўнасцяў (адна ў 2012 годзе) і незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці. На ўзроўні 2012 года зарэгістравана выпадкаў злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (16).

У астатніх чынніках злачынстваў адзначаецца рост колькасці распачатых крымінальных спраў.

На нарадзе адзначалася, што прынятыя праваахоўнымі органамі меры прывялі да значных змен у структуры злачыннасці, звязанай з карупцыяй, выяўлена больш злачынстваў, якія прадстаўляюць значную небяспеку для грамадства і дзяржавы. Паводле фактаў хабарніцтва распачата 256 крымінальных спраў. Пры гэтым атрыманне хабараў складае каля паловы ад усіх выяўленых злачынстваў, якія тычацца хабарніцтва.

У праваахоўных органах прызнаюць, што лічбы паказваюць толькі на колькасць зарэгістраваных у раёнах горада карупцыйных злачынстваў і не адлюстроўваюць сапраўднай абстаноўкі, якая складваецца ў рэгіёнах, і працу праваахоўнікаў, эфектыўнасць якой ва ўсіх без выключэння раёнах недастатковая высокая.

Асабліва на нарадзе адзначалася, што крымінальныя справы ў дачыненні да карумпаваных службовых асоб, якія займаюць адказнае становішча, удзельнікаў арганізаваных груп, за легалізацыю даходаў, здабытых злачынным шляхам, носяць у Менску адзінкавы характар.

Нагадаем, барацьба з карупцыяй была галоўным пунктам перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года, калі ён у першы і апошні раз законна атрымаў перамогу, стаўшы прэзідэнтам краіны. Аднак з тых часоў, апроч таго, што ў краіне не было ніводных справядлівых выбараў, так і ўзровень карупцыі толькі з кожным годам расце, а, на думку пракуратуры, у Менску, як бачым, у апошні час проста перасягае ўсе межы.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках