19 красавiка 2024, Пятніца, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні пратэставалі супраць Астравецкай АЭС

5

Прадстаўнікі экалагічных арганізацый Беларусі і Літвы, выйшлі ў цэнтр Вільні з расцяжкай «Беларуская АЭС - бомба для Еўразвяза».

Праводзячы пікет у Вільні ў той самы час, калі там праходзіў саміт «Усходняга партнёрства», актывісты-эколагі хацелі прыцягнуць увагу Еўразвяза да праблемы беларускай АЭС, якую, як яны лічаць, не заўважаюць кіраўнікі Еўразвяза, перадае «Белсат».

Удзел у пікеце прынялі: грамадская арганізацыя «Экадом», экалагічная супольнасць «Зялёная сетка», ініцыятыва «Астравецкая АЭС - гэта злачынства», а таксама Літоўская партыя зялёных і «Саюз сялян і зялёных».

У Вільні пратэставалі супраць Астравецкай АЭС. Фота: belsat.eu

«Мы праводзім пікет падчас саміту, бо лічым пазіцыю Еўрапейскай супольнасці ў дачыненні да беларускай АЭС вельмі слабой, - заяўляла актывістка «Экадома» Таццяна Новікава. - Беларуская АЭС - гэта пагроза ў тым ліку і Еўропе, так як станцыя будуецца на мяжы з Еўразвязам, з парушэннямі не толькі законаў, але і тэхнічных нормаў. У пазіцыі Еўрапарламента ў дачыненні да Беларусі, якую агучылі ў верасні, тэма АЭС сфармуляваная вельмі слаба. Мы лічым, што мы павінны інфармаваць еўрапейскую супольнасць і патрабаваць заняць прынцыповую пазіцыю».

З тым, што ўвага Еўразвяза да будаўніцтва Астравецкай АЭС недастатковая, пагаджаецца намеснік старшыні літоўскай партыі «Саюз сялян і зялёных» Томас Тамілінас.

«Еўразвяз зараз амаль не звяртае ўвагі на пытанне беларускай АЭС, мабыць, у іх іншыя прыярытэты, і мы спрабуем гэтыя прыярытэты змяніць, - адзначыў эколаг. - Мы жывем побач з будучай АЭС, і нас турбуе будучыня нашай сталіцы. Мы не верым тым дакументам, што нам паказваюць, і запэўненням, што ўсе бяспечна. Таму мы тут і будзем дамагацца, каб гэта будаўніцтва спынілі».

Актывісты таксама раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй даследавання «FlexRISK», якое правёў аўстрыйскі Універсітэт прыродных рэсурсаў і прыкладных навук аб жыцці (BOCU), дзе гаворыцца, што ўрад Беларусі падманвае і беларусаў, і Еўропу, сцвярджаючы, што ў выпадку аварыі на АЭС ніякага негатыўнага ўздзеяння не будзе. Даследаванне паказвае, што ў выпадку аварыі на Астравецкай АЭС амаль уся Еўропа трапіць пад уплыў радыеактыўнага забруджвання.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках