23 красавiка 2024, aўторак, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нечаканае знаёмства каля магілы Магдалены Радзівіл

5

Беларусы Швейцарыі 2 лістапада адзначылі «Дзяды».

Яны наведалі магілу знакамітай беларускай дзяячкі і мецэнаткі княгіні Магдалены Радзівіл, перадае тэлеканал «Белсат».

Беларуская арыстакратка знайшла супакой у далёкай Швейцарыі, дзе яе пахавалі на тэрыторыі жаночага манастыра Божай маці з Кармеля (Notre-Dame du Carmel) ў вёсцы Бюрглен (Bourguillon), што ў кантоне Фрыбург (Fribourg).

Беларусы з усёй Швейцарыі з'ехаліся сюды, каб ушанаваць памяць знакамітай зямлячкі.

Манаская абшчына сясцёр-кармялітак вельмі сардэчна сустрэла нашых суайчыннікаў, арганізавала для іх невялікую экскурсію па царкве і манастыры. Сябры Аб'яднання беларусаў Швейцарыі прыбралі магілу княгіні і яе родных, запалілі свечкі і ўсклалі кветкі. Актывісты ўсталявалі таксама таблічку з выявай герба Радзівілаў.

Перад прысутнымі выступіў сакратар арганізацыі Сяргей Сіроткін. Ён распавёў пра жыццё і дзейнасць Магдалены Радзівіл, якая ахвяравала значныя сродкі на выданне беларускіх кніг і газет, дапамагала беларускім арганізацыям і студэнтам, была ўцягнутая ў адраджэнне беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Падчас урачыстасцяў да беларускага таварыства далучылася пажылая пара, каб запаліць свечкі. Аказалася, што да магілы Магдалены Радзівіл прыйшоў разам з жонкай яе праўнук - спадар Бурпон. Ён штогод на «Дзяды» прыязджае на магілу сваёй прабабулі. Беларусы, узрушаныя непрадбачанай сустрэчай, пачалі распытваць спадара Бурпона аб яго прабабулі і дамовіліся аб наступнай сустрэчы, каб запісаць успаміны пра княгіню Магдалену.

«Мы былі вельмі ўзрушаныя, таму што гэта быў нейкі цуд», - адзначылі ўдзельнікі святкавання.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках