6 снежня 2022, aўторак, 0:29
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Змітра Дашкевіча арыштавалі на трое сутак

59
Змітра Дашкевіча арыштавалі на трое сутак

Былога палітвязня адправілі ў турму на Акрэсціна.

Лідара «Маладога Фронту» затрымалі сёння каля ГУМа ў 12 гадзін дня за збор подпісаў. Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміла яго жонка Анастасія Дашкевіч.

«Маладафронтаўцы цяпер збіраюць подпісы за перайменаванне вуліцы Леніна. Усё было без эксцэсаў. А зараз патэлефанаваў Зміцер і сказаў, што ў аўтобусе едзе ў Цэнтральны РУУС. Як я зразумела, астатніх людзей ён адправіў і застаўся адзін», - напісала Анастасія Дашкевіч.

Спачатку актывіста адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска, а потым у суд Цэнтральнага раёна. Яго судзілі нібыта за «непадпарадкаванне міліцыі». У выніку суддзя Валерый Есьман прысудзіў актывіста да трох сутак арышту.

Нагадаем, Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю ў жніўні гэтага года пасля 2,5 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у апазіцыйнай дзейнасці.

Ён і яго таварыш па «Маладым фронце» Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Менску 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Іх абвінавацілі ў збіцці двух менчукоў. Нягледзячы на тое, што маладафронтаўцы катэгарычна адмаўлялі абвінавачванні і заяўлялі, што не знаёмыя з нібыта пацярпелымі, суд Маскоўскага раёна сталіцы 24 сакавіка 2011 года прызнаў іх вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве. Дашкевіча прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобава - да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. 28 жніўня 2012 года ў Глыбоцкай калоніі Дашкевіч атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Фота: bnp.by