25 красавiка 2024, Чацвер, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намеснік генпракурора браў хабары каструлямі

38
Намеснік генпракурора браў хабары каструлямі

СК выявіў карупцыянераў у Генпракуратуры і Мінбудархітэктуры.

Папярэднія вынікі расследавання паказалі, што карані карупцыі па гэтай справе сыходзяць у кіраўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Генеральнай пракуратуры, піша «Ежедневник».

Новыя крымінальныя справы ўзбуджаныя па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. Пры гэтым у справе сталі фігураваць новыя асобы з ліку былога і цяперашняга кіраўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама Генеральнай пракуратуры. Адны з іх ужо ўведзеныя ў статус падазраваных, іншыя пакуль праходзяць у якасці сведак, але вельмі хутка могуць перайсці ў іншую катэгорыю. Менавіта крымінальная справа ААТ «МаналітГрад» стала адной з прычын нашумелай адстаўкі цяпер ужо былога намесніка генеральнага пракурора Аляксандра Архіпава.

Нагадаем, што першая крымінальная справа па ААТ «МаналітГрад» была ўзбуджаная Следчым камітэтам у кастрычніку 2013 года, калі дырэктар прадпрыемства Сяргей Парменаў быў затрыманы пры атрыманні хабару ў 95 мільёнаў рублёў «за своечасовасць плацяжоў па выніках выканання субпадрадных работ у доме ЖБВК «Маладосць Міншчыны» (п.Юбілейны Менскага раёна)».

Крыху пазней аператыўнікі сталічнага УБЭП паведамілі пра распачынанне новай крымінальнай справы ў дачыненні да генеральнага дырэктара ААТ «МаналітГрад». Праўда, яны не ўдакладнілі, што на гэты раз гаворка ішла пра папярэдніка Парменава на гэтай пасадзе Валерыя Пракудзіна. Паводле дадзеных аператыўных службаў, дырэктар дзяржпрадпрыемства, якое ўваходзіць у структуру Мінбудархітэктуры, аформіў на працу свайго знаёмага і дачку сужыцелькі. Затым, з'яўляючыся старшынёй жыллёвай камісіі на прадпрыемстве, падаў ім па-за чаргой з парушэннем патрабаванняў Палажэння аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, службовае жыллё, якое пасля было прыватызавана названымі асобамі і паспяхова прададзена. Гаворка ідзе пра двухпакаёвыя кватэры па вул.Казінца (52,1 кв.м) і па вул.Р.Люксембург (42 кв.м.), якія былі прададзеныя за 400 і 391 мільён рублёў адпаведна. Дадзеныя дзеянні дырэктара ААТ «МаналітГрад» былі ацэненыя як здзяйсненне злачынства па ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае асобай, якая займае адказнае становішча).

Але ўсё гэта толькі вярхушка айсберга. Усё, што пакуль не агучвалася праваахоўнымі органамі, значна больш сур'ёзна, чым апісаныя вышэй факты. І, па сутнасці, цяпер справа ўяўляе вялікі карупцыйны клубок, ніткі ад якога ідуць на самы верх.

Адразу абмовімся, што па выяўленых карупцыйных фактах ужо прыцягнутыя да адказнасці не толькі сам Сяргей Парменаў і яго папярэднік Валерый Пракудзін, але таксама намеснік гендырэктара па вытворчасці Анатоль Шкурынскі. Дарэчы, абодва кіраўнікі буйнога дзяржпрадпрыемства вельмі маладыя для такіх пасадаў. Генеральнаму дырэктару Сяргею Парменаву споўнілася толькі 30 гадоў, а яго намесніку Шкурынскаму - 31 год. У аператыўных службаў ужо маюцца дадзеныя аб тым, што яны атрымалі свае пасады праз карупцыйныя сувязі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. Аднак гэтая інфармацыя яшчэ правяраецца.

На дадзены жа момант вядома, што яшчэ да свайго прызначэння дырэктарам ААТ «МаналітГрад» Сяргей Парменаў займаў пасаду начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, дзе ўжо тады падрыхтоўваў глебу для будучай карупцыйнай дзейнасці. Яшчэ 30 чэрвеня 2012 года ён стварыў камерцыйную кампанію ТАА «Свой Эксперт», якой насуперак забароне кіраваў праз давераных асоб. Акрамя таго, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, Парменаў прадаставіў ТАА «Свой Эксперт» льготы па арэндзе памяшканняў па вул.Харкаўская, 15. Гэтыя памяшканні належалі ААТ «МаналітГрад», але яго дырэктар Віктар Пракудзін, у дачыненні да якога таксама ўзбуджаная крымінальная справа, пайшоў насустрач важнаму чыноўніку міністэрства.

Таксама ўжо ўстаноўлена, што факт атрымання хабару ў 95 мільёнаў рублёў Сяргеем Парменавым быў зусім не адзінкавым. Так, паводле дадзеных следства, падазраваны з сакавіка па кастрычнік 2013 года атрымаў 228 мільёнаў рублёў ад кіраўніка ТАА «Анліса». Адкат прызначаўся «за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дамовы субпадраду на правядзенне сантэхнічных работ у жылым доме ў п.Юбілейны Менскага раёна».

Па Пракудзіну таксама высветліліся новыя факты. Аказваецца, ён падарыў сваім сваякам і палюбоўніцам не дзве і нават не тры кватэры, а ўжо «як мінімум тры». Як устанавіла следства, 11 верасня 2011 года, перавысіўшы свае службовыя паўнамоцтвы, ён зрабіў адчужэнне на карысць сваёй сужыцелькі - індывідуальнага прадпрымальніка - памяшканне па ул.Я.Коласа, 53, корп.3, пам.4Н, рынкавы кошт якога складаў на дзень рэалізацыі больш 449 мільёнаў рублёў.

Але самымі цікавымі сталі факты карупцыйных сувязяў падазраваных з намеснікам генеральнага пракурора Аляксандра Архіпава і яго жонкай Ірынай Архіпавай, якая і цяпер займае пасаду першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва.

Як устаноўлена следствам, Сяргей Парменаў і Анатоль Шкурынскі ў сакавіку 2013 года абнаявілі праз падстаўную структуру з афармленнем падробленых дакументаў 10 мільёнаў рублёў, а потым на гэтыя грошы купілі дарагі посуд Zepter, які прэзентавалі намесніку генпракурора для яго жонкі да Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка. Невядома, ці спадабаўся Ірыне Архіпавай прэзентаваны карупцыянерамі посуд, але вось кіраўніка дзяржавы, калі яму далажылі пра гэта, дадзены факт абурыў да глыбіні душы. Вынікам стала адстаўка Аляксандра Архіпава і ўзбуджэнне ў дачыненні да яго крымінальнай справы па ч.3 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

На дадзены момант аператыўнікі і следчыя правяраюць карупцыйныя сувязі падазраваных у кіраўніцтве Мінбудархітэктуры. Не выключана, што ў бліжэйшы час мы пачуем пра ўзбуджэнні новых, не менш скандальных крымінальных спраў.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках