25 красавiка 2024, Чацвер, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FIDH: У Беларусі шырока выкарыстоўваецца прымусовая праца (Дакумент)

12
FIDH: У Беларусі шырока выкарыстоўваецца прымусовая праца (Дакумент)

(абноўлена) Рабочыя знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад наймальнікаў.

Тэма вытворчых і працоўных адносінаў у Беларусі з'яўляецца асабліва актуальнай у апошні час. Практычна кожны дзень СМІ публікуюць інфармацыю аб працы студэнтаў на будаўніцтве спартыўных аб'ектаў, увядзенне ў эксплуатацыю якіх прымеркавана да міжнароднага чэмпіянату па хакеі, аб працы вайскоўцаў на ўборцы ўраджаю, а мясцовыя ўлады рапартуюць аб праведзеных у гарадах «суботніках».

Сумесны 80-старонкавы даклад FIDH і ПЦ «Вясна», які прадстаўляе ў Менску ў Міжнародны дзень правоў чалавека, канстатуе глыбокі крызіс у сацыяльна-эканамічнай сферы і паўсядзённыя парушэнні працоўных правоў грамадзян Беларусі.

Падрыхтаваны ў выніку міжнароднай даследчай місіі, якая наведала некалькі рэгіёнаў Беларусі ў чэрвені 2013 года, даклад асвятляе шырокамаштабныя парушэнні сацыяльных і эканамічных правоў беларускіх грамадзян.

Правы прафсаюзаў пастаянна парушаюцца ў Беларусі. Ствараюцца шматлікія перашкоды пры стварэнні незалежных прафсаюзаў, а іх сябры падвяргаюцца сістэматычным пераследам. Шэраг заканадаўчых актаў замяніў бестэрміновыя працоўныя дамовы на кароткатэрміновыя кантракты, паставіўшы рабочых у становішча поўнай залежнасці ад іх наймальніка, які надзелены правам непадаўжэння працоўнага кантракту без усялякіх тлумачэнняў і выплат кампенсацый. Больш за 70% рабочых у краіне працуюць па кароткатэрміновых працоўных кантрактах, заключаных на адзін-тры гады.

Прымусовая праца шырока распаўсюджаная ў Беларусі, у розных сектарах і разнастайных формах. Дэкрэт Лукашэнкі №9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці» 2012 года пазбаўляе рабоых магчымасці спыніць працоўныя адносіны па ўласнай ініцыятыве. Пры нясенні вайсковай службы вайскоўцы прыцягваюцца да неаплатны працы, не звязанай з выкананнем воінскага доўгу. На нацыянальным, а таксама рэгіянальным і мясцовым узроўнях ўсяму працуючаму насельніцтву рэгулярна навязваецца «добраахвотная» неаплатная праца (у рамках арганізаваных суботнікаў).

Вялікую заклапочанасць выклікае ўстойлівая дыскрымінацыя і стыгматызацыі асоб з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю і прымус іх да прымусовай працы. Да прымусовай працы прыцягваюцца і зняволеныя ў розных месцах пазбаўлення волі. У выпадку нявыплаты выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі («абавязаныя асобы») у судовым парадку падлягаюць прымусовай працы, пры гэтым аж да 70% іх зарплаты адбіраецца ў дзяржаўны бюджэт. За адмову ад такой працы прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.

Гэтымі рэпрэсіўнымі метадамі дзяржава замяніла неабходныя меры па сацыяльнай рэабілітацыі ўразлівых груп насельніцтва. Замест забеспячэння хворым людзям сур'ёзных дзяржаўных медыцынскіх праграм, дзеючае заканадаўства сурова карае іх, звяртаючыся да недапушчальнага з пункту гледжання міжнародных нормаў арсеналу сродкаў, якія да таго ж не вядуць да эфектыўнай барацьбы з алкагалізмам і наркаманіяй. Дзеючае заканадаўства і практыка таксама дыскрымінуюць так званых «асацыяльных элементаў».

Выпускнікі дзяржаўных устаноў размяркоўваюцца на працу пасля канца вучобы аж да трох гадоў. Размеркаванне не падлягае абскарджанню, а пазбегнуць яго можна толькі вярнуўшы дзяржаве кошт навучання, прычым кошт налічваецца дзяржавай непразрыста, і з улікам інфляцыі прыводзіць да сум, якія многія выпускнікі не ў стане выплаціць. Канстытуцыя РБ пры гэтым гарантуе ў артыкуле 49: «Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах».

Асабліва павінна быць адзначана, што рэпрэсіўная практыка ў сферы працоўных адносінаў прыводзіць да дыскрымінацыі асоб, якія займаюць крытычную пазіцыю ці займаюцца палітычнай дзейнасцю.

29 лістапада 2013 года Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН у сваіх заключных заўвагах паказаў праблему прымусовай працы і парушэння працоўных правоў, паднятую ў прадстаўленай FIDH і ПЦ «Вясна» ў Камітэт справаздачы. У прыватнасці Камітэт адназначна запатрабаваў ад Беларусі перагледзець сістэму кароткатэрміновых кантрактаў, адмяніць прымусовую працу асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю і «абавязаных асобаў», перагледзеўшы адпаведнае заканадаўства, забяспечыць свабодную дзейнасць прафсаюзаў і распачаць шэраг пазітыўных мер па забеспячэнні рэальнай і эфектыўнай сацыяльнай абароны правоў насельніцтва Беларусі.

Цалкам з дакументам можна азнаёміцца тут.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках