25 красавiка 2024, Чацвер, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падатак на дармаедаў» адкладзены

63
«Падатак на дармаедаў» адкладзены

Улады не прыдумалі механізм выяўлення «дармаедаў».

Законапраект пакуль нават не значыцца ў планах на 2014 год, піша «Ежедневник».

Не так даўно ўрад прыдумаў шэраг крэатыўных рашэнняў, як папоўніць бюджэт новымі падаткамі. Было прапанавана абкласці зборамі ўладальнікаў аўтамабіляў, а таксама беспрацоўных, якія ўхіляюцца ад працы без аб'ектыўнай прычыны.

Як ужо вядома, першая ідэя знайшла сваё ўвасабленне ў праекце бюджэту на 2014 год. Падатку на дармаедаў пакуль спраўдзіцца не дадзена. Урад яшчэ не вырашыў, якім чынам такую ідэю рэалізаваць.

Як паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Мякінік, прапанова абкласці пошлінай беспрацоўных не ўключалася ні ў праект бюджэту, ні ў праекты паправак у Падатковы кодэкс, а таму дэпутаты яго не разглядалі.

На думку дэпутата, дадзеная прапанова мае шэраг слабых бакоў. Па-першае, у Беларусі не працуюць многія жанчыны. Але не працуюць яны не таму, што не жадаюць, а таму, што няма з кім пакінуць дзяцей. «Калі б мы забяспечылі краіну патрэбнай колькасцю дзіцячых садкоў, туды не было б чэргаў, тады мы маглі б сказаць: вось, яна не хоча працаваць! Пакуль мы такіх умоў не стварылі», - адзначыў дэпутат.

На думку дэпутата, сёння ў катэгорыю дармаедаў можна смела ўключаць толькі асацыяльныя элементы - алкаголікаў, бамжоў.

«Але ў іх і так вялікія запазычанасці па штрафах, па пазбаўленні бацькоўскіх правоў, і гэтак далей, - падкрэсліў Аляксандр Мякінік. - Мы на іх яшчэ большы цяжар павесім, а спагнаць запазычанасць магчымасці не будзе».

Дэпутат адзначыў, што падстава для ўвядзення падобнага закона ўсё ж ёсць: у выглядзе несправядлівасці ў адносінах да сумленных падаткаплацельшчыкаў. Маўляў, хтосьці плаціць падаткі, а хтосьці з'ехаў у Расею на нелегальную падпрацоўку.

«А па пенсію ён сюды вернецца!» - абураецца дэпутат.

Аднак аднавіць справядлівасць цяпер няма магчымасці з-за непрапрацаванага механізму па выяўленні такіх грамадзян.

«Калі б механізм быў адпрацаваны, можа быць, і нарадзіўся закон», - выказаў меркаванне Аляксандр Мякінік.

Нагадаем , не так даўно ў Мінфіне заяўлялі, што рыхтуюць праект указа, які прадугледжвае спагнанне платы з грамадзян, якія не працуюць і не плацяць падаткі, але з'яўляюцца спажыўцамі сацыяльных паслуг. Меркавалася, што гэтыя асобы будуць штогод выплачваць 2,6 млн рублёў у бюджэт. Гэтыя сродкі планавалася накіраваць на выдаткі ў сацыяльнай сферы.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках