19 красавiка 2024, Пятніца, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юбілей генерала Булак-Балаховіча

61
Юбілей генерала Булак-Балаховіча

Станіслаў Булак-Балаховіч, адзін з лідараў узброенага супраціву бальшавікам у Беларусі, нарадзіўся 130 гадоў таму - 10 лютага 1883 года.

Месцам яго нараджэння было мястэчка Відзы пад Браславам.

Станіслаў Булак-Балаховіч служыў у расейскім войску, дзе атрымаў чын генерала, пасля ўдзельнічаў у барацьбе з бальшавікамі на старане «белых».

У лютым 1920 года ён звярнуўся да кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага з просьбай прыняць яго на службу для вайны з савецкай Расеяй. Пасля атрымання згоды Булак-Балаховіч са сваім атрадам прыбыў у Даўгаўпілс, дзе быў урачыста прыняты знакамітым польскім генералам Эдвардам Рыдз-Сміглы.

Адразу ж пасля прыбыцця ён пачаў фармаваць сваё войска з добраахвотнікаў. Да генералу сцякаліся людзі з усіх старон. У чэрвені 1920 года дывізія Булак-Балаховіча ўступіла ў баі з бальшавікамі. 30 чэрвеня яна нанесла цяжкую паразу чырвоным часткам у раёне Славечны. 3 ліпеня балахоўцы атакавалі Вяледнікі, захапіўшы штаб брыгады. У ходзе баёў генерал практыкаваў сваю любімую тактыку партызанскага бою.

Пасля заключэння ў 1920 годзе перамір'я паміж Масквой і Варшавай генерал далей наносіў удары з тэрыторыі Польшчы па бальшавіцкім войскам у Беларусі. Савецкі ўрад накіраваў пратэст, і польскі Сейм запатрабаваў раззбраення ягонага войска.

Булак Балаховіч адмовіўся выканаць патрабаванне і перайшоў савецка-польскую мяжу.

План генерала быў просты - падняць сялянскае паўстанне і скінуць савецкую ўладу.

Цягам двух дзён ягоныя войскі занялі тэрыторыю беларускага Палесся ад мяжы з Польшчай да Петрыкава.

9 лістапада 1920 кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разбіла чырвоных пад Раманаўкай. Палкоўнік Мацвееў заняў Скрыгалаў. Пераможны паход балахоўцаў скончыўся вызваленнем Мазыра 12 лістапада 1920 г.

За некалькі дзён да гэтага на ўрачыстым парадзе сваіх войскаў у Тураве Булак-Балаховіч разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і пакляўся не складаць зброі, пакуль не вызваліць родны край ад савецкіх войскаў. У Мазыры ён абвясціў аб аднаўленні ўлады БНР і роспуску ўрада БССР. 14 лістапада генерала абвясцілі галоўнакамандуючым узброеных сіл незалежнай Беларусі.

Бальшавікі былі вымушаныя перакінуць у нашую краіну - на барацьбу з Булак-Балаховічам і на падаўленне Слуцкага паўстання - часткі з цэнтральнай Расеі. Толькі дзякуючы велізарнай колькаснай перавазе яны здолелі дамагчыся пералому на фронце.

У ноч на 18 лістапада Булак-Балаховіч быў вымушаны пакінуць Мазыр. З вялікай цяжкасцю ён здолеў прабіцца да польскай мяжы. У Польшчы ягоныя войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя. Асобныя атрады доўжылі ўзброены супраціў на тэрыторыі Беларусі.

Савецкі ўрад запатрабавала ад Пілсудскага выдачы генерала Балаховіча, аднак ён адмовіўся зрабіць гэта.

Пасля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе нямецкімі войскамі Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад дзеля барацьбы з акупантамі.

Ён быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 года нямецкім патрулём.

Месца пахавання героя барацьбы за незалежнасць Беларусі невядомае.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках