ЕГУ на месяц вяртаецца ў Менск
4- 11.02.2013, 17:55
У «Галерэі Ў» адкрываецца праект Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «Artes liberales».
Як паведаміў сайту charter97.org студэнт ЕГУ Кірыл Атаманчык, у яго рамках запланаваныя шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку - выставы, конкурсы, дыскусіі і круглыя сталы. Таксама будуць праведзеныя прэзентацыі праектаў, створаных студэнтамі ўніверсітэта.
Выкладчыкі ЕГУ правядуць лекцыі і семінары па розных тэмах.
Праект адкрываецца заўтра і працягнецца да канца лютага.
«Галерэя Ў» знаходзіцца па адрасе: Менск, праспект Незалежнасці, 37а.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт - прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. Пасля закрыцця ў Беларусі ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. У мінулым годзе ўніверсітэт адзначыў сваё 20-годдзе.
У цяперашні час у ім вучыцца больш за 1800 студэнтаў, пераважна з Беларусі. ЕГУ прапануе магчымасці дыстанцыйнага і вочнага навучання на бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе распаўсюджванню навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.