25 красавiка 2024, Чацвер, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясніковіч паабяцаў Дварковічу пяць прадпрыемстваў

16
Мясніковіч паабяцаў Дварковічу пяць прадпрыемстваў

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч перакананы, што рэспубліка ў партнёрстве з Расеяй да канца 2013 года можа стварыць пяць сумесных кампаній.

«Я думаю, ужо ў 2013 годзе можна рэальна стварыць пяць сумесных кампаній, якія будуць канкураваць паспяхова на рынку Мытнага саюза і іншых краін», - заявіў Міхаіл Мясніковіч, сустракаючыся ў аўторак з віцэ-прэм'ерам Расеі Аркадзем Дварковічам, паведамляе «Iнтерфакс».

М.Мясніковіч адзначыў, што ў ходзе візіту ў Беларусь Аркадзь Дварковіч наведаў два прамысловыя прадпрыемствы ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях. «Тыя два аб'екты, якія вы наведалі, гэта тыя праекты, якія мы прапануем для інтэграцыі. Вы змаглі ўбачыць, што гэта ўсё жывыя прадпрыемствы, яны стабільна працуюць, завяршаюць працэсы мадэрнізацыі», - сказаў беларускі прэм'ер.

Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь і Расея, актывізаваўшы свае намаганні ў прамысловай кааперацыі, змогуць атрымаць сінэргетычны эфект.

М.Мясніковіч таксама паведаміў, што беларускі бок у асноўным сфармаваў сваю пазіцыю для правядзення перамоў па аб'яднанні беларускіх і расейскіх кампаній. Аднак, паводле яго слоў, «гэта не значыць, што гэтыя падыходы непарушныя».

Прэм'ер-міністр таксама заўважыў, што прыняцце ў рамках АЭП дакумента аб адзінай прамысловай палітыцы краін - удзельніц АЭП некалькі зацягваецца. «Аднак гэта не наша віна, гэта праблемы ў Казахстана, але я думаю, што мы зблізім свае пазіцыі», - сказаў М.Мясніковіч.

У сваю чаргу віцэ-прэм'ер РФ А.Дварковіч падчас сустрэчы адзначыў, што беларускі і расейскі бакі «працуюць над заключэннем вельмі канкрэтнага пагаднення аб будучым партнёрстве». «Наш патэнцыял велізарны, перш за ўсё ў сферы прамысловай кааперацыі», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Ён дадаў, што пры наведванні беларускіх прадпрыемстваў змог пераканацца ў гатоўнасці кіраўнікоў гэтых суб'ектаў гаспадарання да значна больш сур'ёзнага ўзаемадзеяння з расейскімі партнёрамі. «Ёсць гатоўнасць весці вельмі сур'ёзныя перамовы, і каб іх падштурхнуць, мы сюды і прыехалі», - дадаў ён.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках