28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнкаўскія чыноўнікі: спрэс псеўдаакадэмікі і ілжэпрафесары

123
Лукашэнкаўскія чыноўнікі: спрэс псеўдаакадэмікі і ілжэпрафесары

Нездаровым запалам да ўладання «ліпавымі» навуковымі званнямі асабліва вылучаюцца беларускія чыноўнікі.

Прычым гэтыя людзі ніколькі не саромеюцца сваіх псеўдавучоных званняў і ступеняў, адкрыта паказваюць аб іх наяўнасці ў сваіх біяграфіях на афіцыйных сайтах узначаленых імі дзяржаўных ведамстваў, піша блогер d-zholik.

Першым у спісе падобных «законнікаў» вылучаецца ў нядаўнім мінулым Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў.

На яго было ўскладзенае забеспячэнне нарматворчай дзейнасці Лукашэнкі, «парламента» і ўрада, абавязковая юрыдычная экспертыза нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных, Менскага гарадскога саветаў «дэпутатаў», аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкама.

І гэты высокапастаўлены прадстаўнік беларускай юстыцыі не пасаромеўся выставіць на ўсеагульны агляд інфармацыю аб тым, што з'яўляецца:

- Сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук;

- Сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій;

- Доктарам навук у галіне інфармацыйных тэхналогій (права).

У рэчаіснасці названыя «акадэміі» ніколі не мелі ніякага дачынення да навуковых арганізацый, а з'яўляліся ўсяго толькі грамадскімі арганізацыямі, заснаванымі купкай людзей для таго, каб надзяліць саміх сябе і па блаце сваіх знаёмых і сяброў высокімі псеўданавуковымі рэгаліямі, якія дазваляюць звацца «акадэмікамі», «прафесарамі», «дактарамі» і «кандыдатамі» ўсялякіх навук.

Яшчэ ў далёкім 2006 г. указам Лукашэнкі «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню выкарыстання слова «акадэмія», прысуджэння вучоных ступеняў, прысваення вучоных і акадэмічных вучоных званняў» было ўстаноўлена, што права на выкарыстанне слова «акадэмія» ў сваіх назвах маюць выключна навуковыя арганізацыі і ўстановы адукацыі, маёмасць якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук, установы адукацыі Акадэмія МУС, Ваенная акадэмія, акадэмія кіравання пры Лукашэнку, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

Таксама ўказам было строга ўстаноўлена, што зацвярджэнне рашэнняў саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук, прысуджэнне вучонай ступені доктара навук, прысваенне вучоных званняў дацэнта і прафесара ажыццяўляюцца выключна Прэзідыумам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, а акадэмічныя вучоныя званні сапраўднага члена (акадэміка) і члена-карэспандэнта прысвойваюцца выключна Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Арганізацыям ж, якія не адпавядалі ўказаным палажэнням - якія змяшчаюць у сваёй назве слова «акадэмія» і (або) іх устаноўчыя дакументы прадугледжвалі надзяленне навуковымі ступенямі, прысваенне вучоных званняў і акадэмічных вучоных званняў - падлягалі перарэгістрацыі ў трохмесячны тэрмін.

Дзейнасць арганізацый, якія не прайшлі перарэгістрацыю, была прызнаная незаконнай і забароненая.

Кантроль за выкананнем гэтага ўказа быў ускладзены на Савет Міністраў РБ у асобе Міністэрства юстыцыі, якое ў той час як раз і ўзначальваў Віктар Галаванаў. Двойчы псеўдаакадэмік і аднойчы доктар міфічных навук вось гэтых самых арганізацый, чыя дзейнасць была прызнаная па-за законам.

Таксама міністр юстыцыі Галаванаў у сваёй біяграфіі кічыўся яшчэ і медалём «За высокія дасягненні ў навуцы».

Неазнаёмленыя нават не зразумеюць у чым падвох, а ён у тым, што дадзеная медаль не з'яўляецца дзяржаўнай узнагародай, а заснаваная той жа шарашкінай канторай, што надзяліла яго званнем «акадэміка»: Міжнароднай акадэміяй інфармацыйных тэхналогій, з юрыдычным адрасам у г. Менску.

За час кіравання Мінюстам В.Галаванаў яшчэ паспеў узнагародзіць сябе і ведамаснымі значкамі з гучнымі назвамі «Свабода - Закон - Дэмакратыя» і «Ганаровы работнік юстыцыі Беларусі».

Адзінае, што не паспеў Галаванаў на сваёй пасадзе, так гэта дапісаць ва ўласнай біяграфіі, што ў кастрычніку 2011 г. ён звольнены з пасады міністра юстыцыі з-за датычнасці да карупцыі.

У Беларусі існуе яшчэ адзін падобны дзяржаўны псеўдавялікі вучоны-законнік - старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі Віктар Камянкоў.

Розніца паміж ім і экс-міністрам юстыцыі толькі ў тым, што Камянкоў па статусе з'яўляецца вышэйшай службовай асобай краіны, тады як Галаванаў з'яўляўся толькі міністрам урада. У астатнім, а менавіта ў наяўнасці «ліпавых» акадэмічных вучоных званняў і ўзнагарод, яны браты-блізняты.

Віктар Камянкоў таксама з'яўляецца двойчы псеўдаакадэмікам Міжнародных ілжэакадэмій арганізацыйных і кіраўніцкіх навук і інфармацыйных тэхналогій. І нават узнагароджаны тым жа самай медалём менскай шарашкінай канторы «За высокія дасягненні ў навуцы».

Навіна аб прысваенні старшыні ВГС «ліпавага» вучонага звання «акадэміка» і ўзнагароджанні яго нічога не значным медалём ГА была апублікаваная на афіцыйным сайце Вышэйшага гаспадарчага суда.

Толькі старшыня ВГС Віктар Камянкоў у сваіх гардыні і ганарыстасці пераплюнуў «акадэміка» Галаванава і выйшаў на міжнародны ўзровень. Яго псеўдазаслугі перад навукай пазначаныя ў біяграфіі на афіцыйным сайце Эканамічнага суда Садружнасці незалежных дзяржаў.

Паказальна, што з дзесяці членаў Эканамічнага суда СНД, а сярод іх старшыні Вярхоўных, Вышэйшых эканамічных і арбітражных судоў Расеі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, толькі ў Камянкова адзінага указаны фіктыўныя вучоныя званні акадэміка ілжэакадэмій.

Ды што там, нават у жонкі Віктара Камянкова, якая з'яўляецца старшынёй Эканамічнага суда СНД, старшынёй пленума суда і суддзёй, членам суда ад Рэспублікі Беларусь, няма ніводнага фіктыўнага вучонага звання.

Хоць Камянкоў з жонкай і нарадзіліся з розніцай толькі ў месяц, і пачыналі кар'еру з аднолькавых прыступак у раённых пракуратурах г. Магілёва, але жонка па гэтым пытанні апынулася цалкам прыстойным чалавекам, а яе высокапастаўлены муж - два разы не.

Яшчэ адзін у мінулым высокапастаўлены «законнік» і бліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Чаргінец. Генерал-лейтэнант, у мінулым начальнік упраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР, начальнік упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС БССР і Рэспублікі Беларусь.

Ну, гэты наогул асаблівы, клінічны выпадак:

- Прафесар, гранд-доктар філасофіі і права Сусветнага размеркаванага ўніверсітэта ААН;

- Акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук;

- Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій;

- Акадэмік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі народаў свету;

- акадэмік, Акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку Расейскай Федэрацыі.

Больш за тое, ён з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам АБОП і прэзідэнтам яе Беларускага філіяла. Блогер звяртае ўвагу, што менавіта прэзідэнтам.

Паказальна, што яшчэ дзесяць гадоў назад (2003 г.) Міністэрствам юстыцыі было разасланае прадпісанне недзяржаўным арганізацыям, кіруючая пасада у якіх называлася «прэзыдэнт»: усім арганізацыям трэба было змяніць назву пасады кіраўніка арганізацыі на «генеральны дырэктар», «дырэктар», «начальнік» , «старшыня», «кіраўнік» і іншыя, унёсшы адпаведныя змены ў статут.

Тады ж пастановай Савета Міністраў былі змененыя назвы пасад кіраўнікоў дзяржаўных канцэрнаў і іх намеснікаў з «прэзідэнт», «віцэ-прэзідэнт» на «старшыня», «генеральны дырэктар» і «намеснік старшыні, генеральнага дырэктара».

А яшчэ раней, у 2005 г. Аляксандр Лукашэнка сваім указам змяніў назвы пасад прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук на простыя «старшыня» і «намеснікі старшыні».

Чацвёрты закаранелы «законнік» - ужо вядомы па мінулым артыкуле ілжэпрафесар Віктар Шэйман, які раней быў міністрам МУС і Генеральным пракурорам Беларусі.

Атачэнне Віктара Шэймана прадстаўляе яго наогул прафесарам юрыдычных навук.

Што характэрна, фіктыўных «акадэміка» Чаргінца і «прафесара» Шэймана акрамя членства ў АБОП, прызнанай Генеральнай пракуратурай і Вярхоўным судом Расейскай Федэрацыі ашуканскай, аб'ядноўвае яшчэ і дачыненне да іншай «афёры стагоддзя» - прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яны абодва ў розныя перыяды кіравалі ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Блогер задаецца пытаннем, ці маюць права падобныя элементы вінаваціць, судзіць і ацэньваць іншых?

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках