25 красавiка 2024, Чацвер, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаванае кіраўніцтва санаторыя «Беларусь»?

31
Арыштаванае кіраўніцтва санаторыя «Беларусь»?

Зніклі дырэктар сочынскага санаторыя «Беларусь» і яго намеснікі, якіх некалькі тыдняў таму выклікалі ў Менск.

Штодня беларускія тэлеканалы паведамляюць навіны з Сочы. І не дзіўна: там адпачывае Аляксандр Лукашэнка, сумяшчаючы катанне на горных схілах з «працоўнымі» сустрэчамі. Але галоўную навіну тэлеканалы схавалі ад гледачоў, піша «Народная воля».

Калектыў сочынскага санаторыя «Беларусь» узбуджаны і напалоханы. Яшчэ некалькі тыдняў таму дырэктара санаторыя Георгія Саракашыша і двух яго намеснікаў выклікалі ў Менск нібыта падпісаць нейкія паперы, узгадніць планы на бягучы год. Яны паехалі і... ў Сочы больш не вярнуліся. Папаўзлі чуткі: яны знаходзяцца ў адным з беларускіх следчых ізалятараў.

Праўда, афіцыйна тым, хто працуе ў «Беларусі», па-ранейшаму кажуць, што Саракашыш і двое яго намеснікаў знаходзяцца ў доўгатэрміновай камандзіроўцы. Але «спецыфічная камандзіроўка» нешта зацягнулася...

Супрацоўніца санаторыя Ірына, якая папрасіла не называць яе прозвішча, распавяла газеце, што ніякіх прыкмет надыходзячай буры не было. Не першы ж раз дырэктара і яго намеснікаў выклікалі ў Менск. Але вось сенсацыя: на днях з'явіўся новы кіраўнік санаторыя - Уладзімір Рыжанкоў.

Санаторый «Беларусь» у Сочы падпарадкоўваецца Упраўленню справамі Лукашэнкі. Нядаўна побач з галоўным корпусам разгарнулася будаўніцтва новых карпусоў. Магчыма, менавіта гэта і стала кропкай адліку ў справе кіраўнікоў санаторыя, лёс якіх пакуль невядомы.

У Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь газеце паведамілі, што крымінальнай справы супраць былога дырэктара сочынскага санаторыя ў іх няма. Пракуратура таксама адхрысцілася ад сваёй датычнасці да гэтага скандалу. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі традыцыйна адказвае толькі тэлефон даверу.

Заўважым, гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб расейскіх грамадзянах. Магчыма, у амбасадзе Расеі нешта ведаюць пра лёс былых кіраўнікоў «Беларусі»?

Аказваецца, і там нічога не ведаюць. Журналістам адказалі, што консула па справе кіраўнікоў беларускага санаторыя да следчых не выклікалі. Гэта, праўда, яшчэ ні пра што не кажа: паводле працэдуры, калі самі арыштаваныя не настойваюць на ўдзеле консула, то яго ніхто і не павінен турбаваць.

У рэшце рэшт газета патэлефанавала ва ўпраўленне сацыяльна-культурнай сферы і турызму Упраўлення справамі Лукашэнкі. Намеснік начальніка Алег Міхайлаў адразу «адшыў»: «А што вы тут вышукваеце? Лепш нешта добрае напісалі б пра дзейнасць санаторыя. Пакуль жа нічога пра гэтую справу на афіцыйным узроўні я вам сказаць не магу...»

Дарэчы, некалькі дзён таму з'явілася афіцыйная інфармацыя пра ўзбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да некаторых асоб, звязаных з Упраўленнем спраў. Але ці меліся на ўвазе Саракашыш і яго падначаленыя, не вядома.

Тым часам 15 лютага Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся ў Сочы, абавязаў кіраўніка справамі Віктара Шэймана паскорыць будаўніцтва ў Сочы і Чырвонай Паляне. Так і сказаў: «Пытанне адно: нам трэба скончыць пачатую справу, скончыць усе гэтыя будоўлі. Трэба зрабіць усё, каб санаторый у Сочы прывесці ў парадак». Пра лёс былых кіраўнікоў санаторыя ён нічога не сказаў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках