20 красавiка 2024, Субота, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь трапіла ў топ-10 краін з праблемай рабства

1
Беларусь трапіла ў топ-10 краін з праблемай рабства

Пацярпелых ад гандлю людзьмі беларусаў можа быць нашмат больш, чым у статыстыцы, бо нашы суайчыннікі часцей за ўсё баяцца прасіць дапамогі.

Міжнародная арганізацыя па пытаннях міграцыі (МАМ) склала спіс па колькасці зваротаў пацярпелых за 2011 год (трэба ўлічыць, што за дапамогай звяртаюцца далёка не ўсе пацярпелыя). Па словах спецыялістаў, колькасць тых, хто трапіў у рабства, расце штогод. Лідэр тут - Украіна (835 чалавек). Беларусь займае 9-е месца (141 чалавек), перадае «Белсат».

Беларусы пакутуюць на расейскіх прадпрыемствах, беларускі - ад сэксуальнай эксплуатацыі

Большасць мужчын, якія звярнуліся ў МАМ, патрапілі ў бяду праз прывабныя прапановы працы (95,3%). Гандляры людзьмі нярэдка падбіраюць «мэтавую аўдыторыю» ў сацыяльных сетках. Дарэчы, прадстаўнікі моцнага полу часта саромеюцца прасіць дапамогі. І з-за гэтага, па словах кіраўніцы гарачай лініі па нумары 113 арганізацыі «La Strada» Ірыны Пацановіч, гадамі працуюць пад прымусам.

Паводле статыстыкі, беларускія мужчыны часцей трапляюць у працоўнае рабства на вытворчых прадпрыемствах у Расеі. Дарэчы, наша ўсходняя суседка застаецца сусветным лідэрам па лакалізацыі нявольнікаў: за 2011 год з гэтай краіны паступіла 837 просьбаў аб выратаванні.

Беларускі ж часцей пакутуюць ад сэксуальнай эксплуатацыі, прычым не толькі за мяжой, але і на радзіме. Жанчыны ў сваю чаргу або баяцца звярнуцца па дапамогу, альбо наогул не лічаць сябе ахвярамі прымусовай працы. Няўрадавая арганізацыя «Гендэрныя перспектывы»/праграма «La Strada» падлічыла, што больш за 80% жанчын-рабынь папярэдне сутыкнуліся з хатнім гвалтам.

Топ-10 краін, адкуль паходзяць ахвяры рабства

Волчак: Чыноўнікі арыентуюцца на гранты з-за мяжы

Упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС РБ за 2011 год дае такія ж звесткі (за мяжой ахвярамі гандлю людзьмі сталі 142 беларуса). Аднак ужо ў 2012 статыстыка міністэрства рэзка знізілася - да 85.

Афіцыйная колькасць нявольнікаў за мяжой і ў Беларусі (па інфармацыі МУС Беларусі)

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак не схільны давяраць высокай статыстыцы нявольнікаў у Беларусі: «На маю думку, большасць гэтых ахвяраў узятыя са сферы сэксуальных паслуг, якія, верагодна, сябе ахвярамі не лічаць. Адбываецца інтэнсіўная палітызацыя барацьбы з гандлем людзьмі, таму, на маю думку , праўрадавым арганізацыям выгадна павышаць колькасць выяўленых рабоў, каб прэтэндаваць на немалы грант з-за мяжы».

За апошняе дзесяцігоддзе ў рабства розных відаў патрапілі 4855 грамадзян Беларусі. Пры гэтым, паводле афіцыйных падлікаў, не менш за 20% - зусім не за мяжой, як палохаюць у рэкламе, а ў Беларусі.

Улады любяць папярэджваць, а не дапамагаць

«Праблема гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь вырашаецца комплексна і ўсебакова», - заявіў работнік МУС Аляксандр Гаўрылаў на круглым стале АДКБ па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі. Аднак амерыканскія спецыялісты з Дзяржаўнага дэпартамента прызначылі нашай краіне ўзровень 2WL. Гэта значыць, што чыноўнікі не выконваюць усіх прававых стандартаў па абароне ахвяраў гандлю людзьмі, але імкнуцца гэта зрабіць. Да такіх жа краін адносяць Кітай, Ірак, Узбекістан, Сенегал, Расею.

Па меркаванні амерыканскіх экспертаў, беларускія чыноўнікі робяць акцэнт на папярэджанне рабства за мяжой, а не на расследаванне выпадкаў і абарону пацярпелых. Пра гэта сведчыць велізарны аб'ём сацыяльнай рэкламы аб небяспецы працы за мяжой: больш за 200 відэаролікаў, каля 300 аб'яў па радыё, 900 папярэджанняў у газетах. Дзяржава тут пераследуе і ўласныя мэты: знізіць працоўную эміграцыю.

Апошні выпадак: вызваленне з працоўнага палону ў Дагестане 5 беларусаў і аднаго - з-пад Арэнбурга было ініцыятывай расейскай няўрадавай арганізацыі «Альтэрнатыва». Беларускія дзяржаўныя органы падключыліся да справы пасля заканчэння аперацыі.

Беларускія дыпламаты не заўсёды прыкладаюць намаганні, каб знайсці і вызваліць суайчыннікаў, нават калі паступаюць адпаведныя сігналы. Былы рабочы зняволены Андрэй Пурал, які збег з дагестанскага цаглянага завода, распавёў у інтэрв'ю газеце «Брестский курьер»: «Ноччу я патэлефанаваў у амбасаду (Беларусі ў Маскве - belsat.eu), сказаў, што знаходжуся ў Дагестане, куды мяне зацягнулі шляхам падману , дайце мне тэлефон ФСБ. Але ў мяне не хапіла грошай на размову». Гэты званок не стаў стартам аперацыі па вызваленні беларуса. Андрэю прыйшлося выбірацца з каўказскага палону самастойна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках