29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Метэарытная ліхаманка» у Чалябінску

19
«Метэарытная ліхаманка» у Чалябінску

Праз тыдзень пасля падзення метэарыта Чалябінская вобласць ператварылася ў свайго кшталту Кландайк.

Рэгіён даслоўна ахоплены «метэарытнай ліхаманкай» - дзясяткі шукальнікаў з мясцовых і прыхадняў штодня прачэсваюць палі ў пошуках аскепкаў. Пры гэтым навукоўцы перакананыя, што чым больш людзей цяпер выйдзе на пошукі, тым лепш, перадае ВВС.

З іхных слоў, на пошукі засталося даслоўна два-тры дні - пакуль стаіць пагода. Першы ж вецер або снегапад знішчыць сляды падзення ў сумётах, і тады невялікія аскепкі могуць быць страчаныя назаўсёды - улетку іх папросту немагчыма будзе адшукаць ва ўтравелых палях.

Тым часам у горадзе Чабаркуль, дзе знаходзіцца пакуль адзінае вядомае месца падзення метэарыта, ужо думаюць, як атрымаць з гэтага выгаду - мэр горада абвясціў конкурс бізнес-ідэй.

Супрацоўнікі Ільмінскага запаведніка сцвярджаюць, што выявілі і іншыя месцы падзення метэарыта ў раёне места Міяса.

Шукальнікі метэарытаў

Залатая жыла Чалябінскага «Кландайка» знаходзіцца ў гадзіне язды ад горада - у раёне паселішчаў Дэпутацкі і Первамайскі.

Бялюткія палі спярэшчаныя бязладна пратаптанымі сцежкамі, у сумётах відаць чалавечыя постаці, а па ўзбочынах стаяць калоны самаходаў - ці шукальнікаў, ці скупшчыкаў.

Людзі прыязджаюць на пошукі нават сем'ямі. Як, напрыклад, сям'я Беліцкіх з вёскі Патаніна. Са слоў мамы, ударнай хваляй пасля выбуху метэарыта «прачысціла» печ унутры дома, усё пакрылася сажай, а праз дзень парэпалася столь.

Тады ўсе вельмі спалохаліся, перажылі, як кажа Алена, «другое нараджэнне». А цяпер усёй сям'ёй адправіліся на пошукі фрагмэнтаў.

«Гэта ж цікава, памяць, - кажа Алена Беліцкая. - Хай пакуль яны дома ляжаць, будзе магчымасць прадаць - прадамо. За колькі? Не ведаю пакуль, яшчэ не глядзелі, што колькі».

Ўлоў у сям'і ўжо за першыя гадзіны пошуку даволі вялікі - тры-чатыры кавалачкі памерам крыху большым за сантымэтр і прыкладна столькі ж буйнейшых, адзін нават блізу трох сантымэтраў у даўжыню.

Каб зразумець, што фрагмэнт з'яўляецца часткай метэарыта, народу і экспертыз ніякіх не трэба - тут ужо ўсе ведаюць, як ён выглядае, на зрэзе і звонку, які павінен быць вагой і колерам. Методыка пошуку даволі простая - абломак пры падзенні пакінуў лунку памерам з мышыную нару. Убачыш такую дзірку ў гурбе пасярод поля - значыць, альбо мыш, альбо метэарыт. Трэба акуратна дастаць з лункі снегавую «моркву», якой аброс каменьчык, пакуль ляцеў, і вось ён - запаветны сувенір.

Сярэдні памер знаходак вакол Дэпутацкага - з гарошыну і крыху большы. Не так ужо рэдкія, зрэшты, і буйныя паасобнікі - дзесьці з перапёлчынае яйка. Самы вялікі фрагмэнт, які выпала ўбачыць аўтарам гэтага матэрыялу, быў вагой пад сотню грамаў і памерам амаль з кулак. Яго знайшоў жыхар Чалябінска, які прыехаў на пошукі з сябруком. Кажа, у яго ўжо некалькі заявак на камяні ад сяброў са сталіцы.

«Гэта падобна да палявання або рыбалкі. Калі бачыш звера, і ў цябе проста сэрца калоціцца, або на рыбалцы - цягнеш, думаеш, ну ўсё, там нешта такое! І тут гэтак жа – глядзіш, дзірачка, шась туды - вось ён!» - дзеліцца ўражаннямі іншы шукальнік.

Час збіраць камяні

Чым больш будзе шукальнікаў на палях, тым лепш, упэўненыя супрацоўнікі лабараторыі метэарытыкі ГЕОХИ РАН. Днямі група лабараторыі прыехала ў Чалябінск у экспедыцыю збіраць узоры.

Са слоў аднаго з удзельнікаў групы, малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі Дзмітрыя Садзіленкі, чабаркульскі метэарыт - з'ява даволі ўнікальная нават для навукоўцаў, што вывучаюць метэарыты.

З пункту гледжання складу вялікай цікавасці ён не мае - гэта самы распаўсюджаны тып каменнага метэарыта - хандрыт. Аднак памер яго мае значэнне.

Чабаркульскі метэарыт, са слоў Дзмітрыя Садзіленкі, на сённяшні дзень самы буйны хандрыт у свеце і першы, які прычыніў сур'ёзныя эканамічныя наступствы.

Паводле папярэдніх ацэнак, памер гэтага метэарыта можна параўнаць са шматпавярховікам - 15-20 мэтраў. І жыхарам Чалябінскай вобласці вельмі пашанцавала, што гэта быў каменны метэарыт, кажуць навукоўцы. Бо металічны наўрад бы амаль увесь згарэў у атмасфэры, і, мусібыць, даляцеў бы да зямлі.

Чым больш будзе сабрана фрагмэнтаў чабаркульскага метэарыта, тым лепш для даследаванняў, упэўненыя навукоўцы.

«Цяпер - пакуль пагода - ёсць магчымасць нешта сабраць, - тлумачыць Дзмітрый Садзіленка. - Бо пойдзе снег, заштукуюцца ўсе гэтыя лункі, а ўвесну - поле так утравела, што знайсці дробязь сантымэтровага памеру будзе проста немагчыма. Тое, што збіраюць людзі, не знікае для навукі. Рана ці позна гэта апынецца ў руках нейкіх даследчыкаў, а калі б людзі не збіралі гэтыя кавалачкі, яны б не дасталіся нікому».

Камяні спатыкнення

Шмат пытанняў выклікае праблема сапраўднасці камянёў, знойдзеных пад Чалябінскам. Інтэрнэт стракаціць аб'явамі аб продажу нібыта кавалачкаў чабаркульскага метэарыта. На розных сайтах за іх просяць ад некалькіх тысяч да 500 тыс рублёў.

Аб'явамі ўжо зацікавілася паліцыя Чалябінска. Аднаго з аўтараў такой абвесткі - жыхара вёскі Еманжэлінка Еткульскага раёна - ужо запрашалі ў паліцыю для тлумачэнняў, бо ён прадаў некалькі аскабалкаў за 15 тысяч рублёў.

Як паведаміла кіраўніца прэс-службы рэгіянальнага ГУ МУС Анжаліка Чыркова, у маладога чалавека сканфіскавана 60 грамаў «невядомага цвёрдага рэчыва», якое аддалі на экспертызу. І заявілі, што прадаўцу можа пагражаць крымінальны пераслед паводле артыкула 159 КК РФ (махлярства), калі рэчыва будзе не метэарытным.

Зрэшты, за продаж метэарыта, на думку праваахоўнікаў, таксама належыць пакаранне - паводле артыкула 164 КК РФ (крадзеж прадметаў, якія маюць асаблівую каштоўнасць), бо паводле расейскіх законаў часткі метэарытаў належаць дзяржаве і з'яўляюцца культурным здабыткам.

Між тым, як патлумачыў дырэктар мінералагічнага музея Турсун Нішанбаеў, ніякіх законных падстаў для забароны збору і продажу метэарытаў не існуе.

«Закон наш расейскі аб нетрах не забараняе збіраць, прадаваць і вывозіць за мяжу метэарыты. Няма законных падстаў забараняць», - сказаў Нішанбаеў.

Чалец Камітэта метэарытаў РАН, супрацоўнік Уральскай федэральнага ўніверсітэта Віктар Грахоўскі заявіў пра патрэбу сэртыфікацыі метэарытаў на продаж. Такія сэртыфікаты, з ягоных слоў, могуць выдаць дзве ўстановы - лабараторыя метэарытыкі Інстытута геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вярнадскага (ГЕОХИ) РАН або лабараторыя Уральскага федэральнага ўніверсітэта.

Аднак навукоўцы лабараторыі метэарытыкі у гутарцы з журналістамі заяве Грахоўскі запярэчылі.

«Вельмі шмат дзіўнага матэрыялу праходзіць у прэсе, што патрэбная абавязковая сэртыфікацыя - камітэт метэарытаў і лабараторыя метэарытыкі такой сэртыфікацыі не робіць, - растлумачыў Дзмітрый Садзіленка. - Такіх афіцыйных сэртыфікатаў на метэарыты не выдаецца ў прынцыпе. Спраўдзіць, што гэта метэарыт ці не, мы можам, але пісьмовых дакумэнтаў не выдаем».

Турсун Нішанбаеў таксама заявіў, што група ягоных супрацоўнікаў выявіла месца падзення метэарыта і ў раёне места Міяс. Падрабязнасцямі ён, аднак, не падзяліўся, патлумачыўшы, што «яшчэ рана гаварыць».

Чабаркуль шукае выгаду

На сённяшні дзень адзінае вядомае месца падзення метэарыта знаходзіцца ў возеры Чабаркуль, на беразе якога размешчаны невялікі аднайменны горад.

Чалябінскія ўлады, праўда, гэта зняпраўджваюць. Віцэ-губэрнатар рэгіёну Ігар Мурог, які ўзначальвае адмысловы аператыўны штаб, заявіў, што афіцыйна пошукі абломкаў спыненыя, і версія метэарыта не спраўджаная.

«Падчас пошукавых работ у месцах меркаванага падзення аскепкаў нічога не выяўлена. Пошукі спыненыя», - сказаў Мурог.

«Палонка, якая была выяўленая на возеры Чабаркуль і першапачаткова прынятая за месца падзення абломкаў метэарыта, утварылася за іншай прычыны, магчыма, гэта рыбаліў хтосьці, магчыма, нешта яшчэ, сказаць цяжка», - адзначыў намгубэрнатара.

Пра тое, што возера Чабаркуль з'яўляецца імаверным месцам падзення метэарыта, раней заявілі навукоўцы Уральскага Федэральнага Універсітэта. Чалец камітэта метэарытаў РАН Віктар Грахоўскі пацвердзіў, што знойдзеныя на возеры аскалёпкі рэчыва маюць метэарытнуюа прыроду.

Афіцыйныя заявы не перашкаджаюць мясцовым жыхарам і тут шукаць абломкі. Вакол палонкі важдаецца шмат шукальнікаў фрагмэнтаў - яны свідруюць лункі як для зімовай рыбалкі і апускаюць у ваду магніты на вяроўках.

Праўда, нічога колькі-небудзь значнага з вады дастаць не выпадае - толькі мноства маленькіх кавалачкаў з сшыткавую клетку. Даведаўшыся, якія абломкі знаходзяць энтузіясты ў селішчы Дэпутацкі, «рыбакі» на возеры не на жарт знэрваваліся.

Аднак мяркуецца, на дне возера ляжыць самы вялікі аскепак метэарыта, памер якога, паводле падлікаў навукоўцаў, можа дасягаць 50 см. Дастаць яго спрабаваў нават мэр Чабаркуля Андрэй Арлоў - у першыя дні пасля падзення ён разам з вадалазамі занураўся ў ваду.

Спробы былія беспаспяховыя - са слоў мэра, у вадзе было занадта шмат завісі і глею, і нічога выявіць так і не здолелі. Цяпер мэр наважыў «вывудзіць» з падзення метэарыта выгаду для горада - у сваім блогу ён абвясціў конкурс бізнес-ідэй.

«Мяне радуе тое, што да нашага места прывабленая такая ўвага сусветнага маштабу, бо расхінае нам магчымасці прываблівання інвестыцый у нашу інфраструктуру, інфраструктуру сэрвісу, турызму, - падзяліўся Андрэй Арлоў. - Ёсць прапанова, напрыклад, арганізаваць фэст феервэркаў, ёсць прапановы вырабляць трункі пад маркай «Чабаркульскі метэарыт» ці «Чабаркульскі прыхадзень». Такія магчымасці, што нам самім лёсам дадзеныя, трэба выкарыстоўваць».

Пакуль мэр збірае бізнэс-ідэі, некаторыя жыхары Чабаркуля гэты бізнес ужо робяць. Ля берага возера штодзень дзяжурыць конегадовец Аляксандр Фралоў. Са сваёй кабылай арлоўскага заводу па імем Акула Аляксандр катае людзей у санях да палонцы - месца падзення метэарыта, прыкладна ў двух кіламэтрах ад берага.

Пракаціцца з ветрыкам каштуе як сталічнае таксі - па 500 рублёў з чалавека. Аднак браку кліентаў у Аляксандра з Акулай няма.

«Народ ідзе, дзе народ, там і мы, - тлумачыць Аляксандр Фралоў. - Людзям жа цікава. На самаходах ездзіць нельга, а дабірацца на чымсьці трэба. Дзеткі з бацькамі, бабуля з дзядулем прыйдуць, карціць ім паглядзець. З Масквы прыязджаюць , са Свярдлоўска, з Украіны журналісты былі. За дзень чалавек 500 сапраўды праходзіць туды-сюды».

Пошукі вялікага фрагмэнта метэарыта на дне возера Чабаркуль працягнуцца. Са слоў мэра горада, праводзіць даследаванні і падымаць метэарыт на паверхню танней узімку - пакуль возера пакрытае лёдам, не трэба прыцягваць дадатковыя плывучыя сродкі. Пошукавая група прыбудзе на возера ўжо ў панядзелак.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках