29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестарам прапаноўваюць лавіць рыбу ў каламутнай вадзе

7
Інвестарам прапаноўваюць лавіць рыбу ў каламутнай вадзе

Экспэрты сумняюцца ў тым, што заявы ўлад аб прыватызацыі будуць рэалізаваныя.

Беларускі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абвясціў аб планах стварэння ў 2013 годзе пяці буйных супольных прадпрыемстваў з Расеяй. Тым часам Міністэрства эканомікі сфармавала пералік з 800 прадпрыемстваў, якія будуць прапаноўвацца для продажу замежным і айчынным інвестарам, нагадваюць «Беларускія навіны».

Гэта ўжо далёка не першы гэткі спіс і далёка не першая заява аб намеры прамысловай кааперацыі з Расеяй. Да іх практычнай рэалізацыі справа так і не дайшла. Чаму?

Лукашэнка: а навошта гэтыя спісы?

Блізу двух гадоў таму ўрад распрацаваў спіс прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі ў 2011-2013 гадах.

У лютым 2012 года Дзяржкаммаёмасці абвясціў: у новы план прыватызацыі ўключанае 190 ААТ, у тым ліку 19 стратэгічных, ад продажу якіх дзяржава можа ўтаргаваць 2,5 млрд даляраў.

Штогадовае прыцягненне ў бюджэт за кошт прыватызацыі не менш за 2,5 млрд даляраў прадугледжанае стратэгіяй прыцягнення наўпроставых замежных інвестыцый да 2015 года і стала ключавой умовай выдачы Беларусі крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Аднак Лукашэнка раптам заявіў, што не бачыць мэтазгоднасці ў складанні гэткіх спісаў. Калі кожнае прадпрыемства ў краіне можа стаць аб'ектам прыватызацыі, то навошта, маўляў, складаць нейкія пералікі, якія будуць «дарма чмуціць людзей у працоўных калектывах?».

Прамысловы баласт хочуць аддаць прыватнаму бізнэсу

І вось праз год міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паведамляе аб падрыхтоўцы пераліку прадпрыемстваў, прызначаных для продажу прыватным інвестарам.

У яго ўключана блізка што 800 прадпрыемстваў, якія не адпавядаюць «існасці дзяржаўнага прадпрымальніцтва і ўдзелу ў эканоміцы», патлумачыў Снапкоў на пасяджэнні Саўміна 13 лютага.

Якія будуць умовы продажу такіх прадпрыемстваў, пакуль не вядома. Адпаведны дакумэнт, як мяркуецца, павінен паступіць на разгляд кіраўніка дзяржавы.

На думку аналітыкаў, стратныя прадпрыемствы варта прадаць бязвыплатна альбо сімвалічным коштам.

Як адзначыў у камэнтары эканаміст Леанід Злотнікаў, тэарэтычна імі могуць зацікавіцца кампаніі, якія займаюцца купляй стратных прадпрыемстваў, інвестуюць у іх сродкі і перапрадаюць пасля таго, як вытворчасць пачынае прыносіць прыбытак.

«Гэта распаўсюджаны ў свеце бізнэс, і гэта было б добрай развязкай для беларускай прамысловасці», - мяркуе экспэрт.

B>Масква спрабуе падштурхнуць каапэрацыю

Аналітыкі не выключаюць, што складанне пераліку можа пераследваць мэту пераканаць замежны бізнэс у сур'ёзных прыватызацыйных намерах Менска.

Асаблівая стаўка робіцца на інвестара расейскага.

12 лютага Беларусь з аднадзённым візітам наведаў віцэ-прэм'ер РФ Аркадзій Дварковіч.

Ён пабываў у Менску, Гомелі і Гародні, наведаўшы ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» (МАЗ) і «Гродна Азот», а таксама ВА «Гомсельмаш». Абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва «Гомсельмаша» з ААТ «Ростсельмаш», МАЗа з расейскім КамАЗам, «Гродна Азота» з ААТ «МХК Еўрахім», паведаміла прэс-служба ўрада РФ.

У выніку візіту Дварковіч заявіў, што адчуў гатовасць беларускіх партнёраў «да нашмат больш сур'ёзнай каапэрацыі».

«Вядома, ад гатовасці да канкрэтыкі трэба прайсці пэўны шлях, але добра, што ёсць магчымасць весці шчырыя перамовы. З мэтай падштурхнуць гэтыя перамовы мы і прыехалі», - дадаў Дварковіч, падкрэсліўшы «велізарны патэнцыял» дзвюх краін у прамысловай каапэрацыі.

У сваю чаргу, беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч паведаміў журналістам, што ў гэтым годзе Беларусь і Расія могуць стварыць пяць супольных прадпрыемстваў. Такія кампаніі, мяркуе кіраўнік урада, здольныя «дастаткова сур'ёзна пазіцыянаваць сябе як на рынку АЭП, так і далёкага замежжа».

Беларусі больш выгадна прадаваць актывы, чым ствараць СП

У магчымасці стварэння такіх СП у бліжэйшай пэрспэктыве сумняецца эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Ствараючы СП, кожная са старон уносіць грошы, і пасля прыбытак дзеліцца прапарцыйна гэтым дзелям. Беларусі ж, улічваючы вялікі леташні адток валюты з краіны, вельмі патрэбныя грошы», - адзначыў Злотнікаў.

На ягоную думку, «самы лёгкі і прыдатны для ўрада спосаб атрымаць валюту» - гэта продаж прадпрыемстваў. «Усялякі паварот падзей, які не прыносіць грошай скарбу, цяпер малаімаверны. Такім чынам, той жа МАЗ Беларусі больш выгадна прыватызаваць, чым ствараць холдынг, які яшчэ невядома калі пачне прыносіць аддачу», - мяркуе экспэрт.

Палітычная цікавасць Крамля

Зацікаўленасць Расеі ў гэтым выпадку шмат у чым ляжаць у палітычнай роўніцы, мяркуе Злотнікаў.

«Уладзімір Пуцін сёння апынуўся ў даволі складанай палітычнай сітуацыі, ён абапіраецца на так званых эканамістаў-патрыётаў, а яны, у сваю чаргу, любяць Лукашэнку», - адзначыў экспэрт.

Акрамя таго, Крэмль першапачаткова рабіў вялікую стаўку на эканамічную інтэграцыю, якая пакуль асаблівых дасягненняў не дэманструе.

Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Беларусь нясе пэўныя страты ў рамках АЭП.

Краіны АЭП перадалі частку свайго суверэнітэту наднацыянальнай Еўразійскай эканамічнай камісіі, сказаў ён, сустракаючыся ў снежні з чальцамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі.

«Трэба шчыра казаць, што гэтыя кампрамісы і ўціск уласных інтарэсаў дзеля агульнай выгады дзесьці ідуць насуперак з інтарэсамі буйнога, сярэдняга і дробнага бізнэсу», - падкрэсліў Лукашэнка.

На гэтым фоне прамысловую каапэрацыю стораны цалкам могуць выдаць за рэальнае дасягненне інтэграцыі, мяркуе Злотнікаў.

Са спрэс эканамічнага пункту гледжання экспэрт не разумее, навошта тому ж КамАЗу патрэбен МАЗ.

«Расейскае прадпрыемства паспяхова супрацоўнічае з нямецкім канцэрнам «Даймлер», праблем з інвестыцыямі няма. МАЗ моцна астаўся ад яго ў тэхнічным і тэхналагічным плане», - канстатаваў Злотнікаў.

На ягоную думку, адзінае, чым можна растлумачыць эканамічную цікавасць расейскага прадпрыемства да менскага - кадры.

«У Беларусі, адрозна ад Расеі, яшчэ засталіся высокакваліфікаваныя кадры. МАЗ захаваў свой канструктарскі аддзел. У Расеі ж цяпер вялікая нястача працоўнай сілы», - адзначае Злотнікаў.

Перамовы аб стварэнні холдынгу МАЗ/КамАЗ доўжацца ўжо не адзін год.

Стораны «доўга спрачаліся, праводзілі ацэнкі, але нібыта пагадзіліся з коштам МАЗа і КамАЗа», паведаміў 19 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік Дзяржкамітэта маёмасці Георгій Кузняцоў.

З ягоных слоў, Беларусь павінна ўнесці ў холдынг 75% акцый МАЗа, Расея - 49% акцый КамАЗа. Пакінуўшы за сабой 25-адсоткавы пакет акцый, Менск зможа блакаваць пастановы холдынгу, не выгадныя беларускай старане, падкрэсліў чыноўнік Дзяржкаммаёмасці.

Да продажу гатовыя

Кузняцоў таксама распавёў аб планах расейскіх кампаній «Еўрахім» і «Волма» набыць пакет акцый ААТ «Гродна Азот» і «Белгіпс» адпаведна.

Тэма продажу актываў гэтых прадпрыемстваў абмяркоўваецца ўжо блізка тры гады.

«Гродна Азот» мае патрэбу ў мадэрнізацыі, на якую трэба блізка што 1-1,5 млрд даляраў. У Беларусі такіх грошай няма, сказаў Кузняцоў.

Ён не выключае, што «Еўрахім» набудзе блакавальны пакет акцый (25% плюс адну). Іх продаж будзе ажыццяўляцца рынкавым коштам.

«Белгіпс» ацэньваецца прыкладна ў 5 млн даляраў. «Але там ёсць умова: трэба ўкласці інвестыцыі не менш за 40 млн еўра. Гэтыя сродкі патрэбныя, каб купіць лінію, мадэрнізаваць існы завод, а таксама за рысай горада Менска збудаваць новы завод, які таксама будзе каштаваць блізу 40 млн даляраў», - адзначыў кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

У 15 млн даляраў ацэнены стартавы кошт пакета акцый ААТ «Крыніца». Продаж блакавальнага пакета піваварнай кампаніі будзе ажыццяўляцца на конкурсных умовах. Пры гэтым пакупнік павінен будзе ўзяць на сябе абавязанні выплаціць запазычанасці прадпрыемства.

Інвестар сто разоў падумае

Не варта чакаць, што гэтыя прадпрыемствы будуць прададзеныя хутка.

«Купляючы буйныя прадпрыемствы, самавіты інвестар разлічвае атрымаць кантрольны пакет акцый. Ён гатовы ўкласці вялікія грошы, але хоча прадпрыемствамі кіраваць, мець іх ва ўласнасці», - падкрэсліў Злотнікаў.

Але нават у гэтым выпадку інвестар рызыкуе тым, што можа пазбавіцца свайго бізнэсу - дастаткова згадаць аб сітуацыі вакол прыватных кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», якія былі нацыяналізаваныя на распараджэнне правадыра.

Не палепшаць інвестыцыйны клімат і планы ўлад унесці ў закон аб прыватызацыі змены і дадаткі, што тычацца ўладальніцкага нагляду, якія экспэрты ўспрымаюць як фактычнае вяртанне «залатой акцыі».

Экспэрты неаднаразова звярталі ўвагу на галоўную загану прыватызацыі ў Беларусі - адсутнасць празрыстасці.

Аднак ёсць усе падставы баяцца, што ўлады будуць пільнавацца старой схемы, калі шмат што залежыць ад асабістай прыхільнасці верхавода да таго ці іншага пакупніка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках