28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белрасбанк» знікне ў ліпені

13
«Белрасбанк» знікне ў ліпені

ЗАТ «Белрасбанк», якое ў лістападзе 2012 года купіла структура расейскага Альфа-банка, у ліпені 2013 года юрыдычна спыніць сваё існаванне.

Пра гэта паведаміў журналістам у аўторак у Менску старшыня праўлення Белрасбанка Ігар Кацібнікаў, піша «Інтэрфакс».

«У ліпені два банкі дэ-юрэ аб'яднаюцца на базе Альфа-банка, і адна ліцэнзія будзе здадзена», - сказаў Кацібнікаў.

Каментуючы этапнасць інтэграцыі двух банкаў, ён праінфармаваў, што на працягу першага квартала 2013 года будзе сфарміраваная агульная сістэма кіравання аб'яднаным банкам і ажыццёўлены пераход на адзіную кіраўнічую справаздачнасць на кансалідаванай аснове. З 1 сакавіка 2013 года пачне функцыянаваць адзіная сістэма продажаў. Фактычнае завяршэнне інтэграцыі, што прадугледжвае перавод усіх рахункаў і кліентаў Белрасбанка на адзіны баланс з Альфа-банкам, намечаны на 31 снежня 2013 года.

Кацібнікаў таксама паведаміў, што працэсам аб'яднання банкаў кіруе створаны акцыянерамі выканаўчы камітэт, які ён і ўзначальвае.

Старшыня праўлення ЗАТ «Альфа-банк» (Беларусь) Дзяніс Калімаў у сваю чаргу паведаміў, што ў аб'яднанага банка будзе сфарміраваная характэрная для Альфа-банка сістэма гарызантальнага кіравання: Ігар Кацібнікаў, які пакуль застаецца кіраўніком Белрасбанка, стане адказным перад акцыянерамі за бізнэс галоўным кіраўніком дырэктарам беларускага Альфа-банка (аналаг CEO), а сам Калімаў захавае пасаду старшыні праўлення банка, адказнага за адміністрацыйныя дзеянні банка, у тым ліку за сувязі з рэгулятарам і органамі дзяржкіравання. Пры гэтым Калімаў падкрэсліў значную ролю Савета дырэктараў у кіраванні банкамі, якія ўваходзяць у групу Альфа.

Гаворачы пра перспектыўныя планы аб'яднанага банка, Кацібнікаў адзначыў, што на працягу месяца будзе завершаная падрыхтоўка стратэгіі яго развіцця на 2013-2015 гады, якая павінна быць зацверджаная акцыянерамі Альфа-банка. Паводле яго слоў, Альфа-банк «стратэгічна захавае традыцыйную актыўнасць у карпаратыўным сектары, у тым ліку ў энергетыцы, прамысловасці, нафтахіміі, ударнымі тэмпамі будзе развіваць фінансаванне малога і сярэдняга бізнесу, а таксама пашыраць рознічны бізнес».

Банкір таксама падкрэсліў, што адной з асноўных мэт аб'яднанай структуры з'яўляецца захаванне статусу банка, упаўнаважанага абслугоўваць дзяржпраграмы, які меў Белрасбанк, але не меў Альфа-банк. «Наша мэта - захаваць статус удзельніка дзяржпраграм, паколькі амбіцыйныя мэты па росту бізнесу ў Беларусі немагчыма рэалізаваць без актыўнага ўдзелу ў буйных дзяржпраграмах. У Беларусі больш за 70% эканомікі - гэта дзяржсектар», - сказаў Кацібнікаў.

Паводле яго слоў, з улікам планаў па нарошчванню актываў Альфа-банка, якія пакуль не раскрываюцца, «акцыянеры маюць планы па рэкапіталізацыі». Між тым, банкір адзначыў, што нарматыўны (уласны) капітал аб'яднанага банка складае цяпер у эквіваленце $85 млн, што на дадзеным этапе дазваляе яму вырашаць асноўныя задачы па крэдытаванні з улікам неабходнасці захавання нарматыву па памеры рызыкі на аднаго пазычальніка.

Калімаў таксама праінфармаваў, што ў цяперашні час крэдытны ліміт расейскага банка на даччыны банк у Беларусі (пасля аб'яднання) перавышае $1 млрд. Аднак, паводле яго слоў, «гэты ліміт фактычна абраны толькі на трэць і нашай задачай з'яўляецца напаўненне гэтага ліміту рэальнымі здзелкамі».

Альфа-банк актыўна пашырае прысутнасць на беларускім рынку. Кансорцыум «Альфа-груп» у ліпені 2008 года набыў за $27,74 млн больш за 88% беларускага Міжгандальбанка (у цяперашні час - Альфа-банк (Беларусь). У лістападзе 2012 года структура расейскага Альфа-банка купіла даччыны банк Расбанка - ЗАТ «Белрасбанк».

Сумарна актывы «Альфа-банка» (Беларусь), аб'яднаныя з актывамі Белрасбанка, павялічацца амаль у два разы, банк ўвойдзе ў лік дзевяці вядучых беларускіх банкаў па актывах і ўласным капітале, зойме восьмае месца па рознічнаму крэдытнаму партфелю і сёмае месца ў краіне па колькасці аддзяленняў і офісаў продажаў.

Беларускі Альфа-банк і Белрасбанк займаюць, адпаведна, 11-е і 12-е месца па памеры актываў сярод 32 банкаў у Беларусі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках