28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аланда просяць нагадаць Пуціну пра дэмакратыю

12
Аланда просяць нагадаць Пуціну пра дэмакратыю

Вядомыя праваабаронцы звярнуліся да прэзідэнта Францыі напярэдадні яго візіту ў Маскву.

«25 снежня 2011 года Франсуа Аланд, тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі, заклікаў Уладзіміра Пуціна «разумець усю паўнату дэмакратычных патрабаванняў», пастаўленых перад уладамі дзесяткамі тысяч дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы Масквы, кінуўшы выклік халадам і расейскаму рэжыму. У той момант ён зрабіў такую заяву: «Расея павінна заняць належнае ёй месца ў еўрапейскай сістэме і будаўніцтве міжнароднай супольнасці, якое было б заснавана на прынцыпе захавання правоў чалавека, грамадскіх свабод, незалежнасці СМІ і прававой дзяржавы».

Спадзяемся, што перамовы двух лідэраў на гэтым тыдні не абыдуць бокам тое самае «дэмакратычнае патрабаванне», пра якое казаў Аланд у 2011 годзе», пішуць Суэр Белхасен, кіраўнік Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), П'ер Татаркоўскі, прэзідэнт Лігі правоў чалавека, Жэнеўеў Гарыго, кіраўнік Amnesty International-France і Аляксей Пракоп'еў, прэзідэнт асацыяцыі Russie-Libertés у выданні «Liberation» (пераклад - InoSmi.ru).

З часу апошняй сустрэчы Аланда і Пуціна ў Парыжы ў чэрвені 2012 года сітуацыя ў Расеі, на жаль, не стала лепш. Нават наадварот: шэраг незалежных НКА кажуць пра замах на правы чалавека і свабоду слова (у плане скарачэння грамадзянскіх і палітычных свабодаў). За мінулы год у краіне пачасціліся арышты прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, за якімі ідуць несправядлівыя судовыя працэсы і прысуды. Некаторыя акцыі былі альбо забароненыя, альбо сутыкнуліся з сур'ёзнымі абмежаваннямі. Ціск на СМІ расце, што, у прыватнасці, ужо прывяло да перастановак у кіраўніцтве розных газет.

«Некалькі прынятых у 2012 годзе законаў супярэчаць прынцыпам правоў чалавека, грамадскіх свабод, незалежнасці СМІ і прававой дзяржавы, пра якія казаў кандыдат Франсуа Аланд у канцы 2011 года», - адзначаюць праваабаронцы.

Сувязі з расейскім рэжымам маюць ключавое значэнне для эканамічных, гандлёвых і дыпламатычных адносін Францыі і Еўрапейскага Звяза. Тым не менш, праваабаронцы заклікаюць «не забываць пра дэмакратычныя патрабаванні», пра якія казаў прэзідэнт Аланд. «Надзвычай важна данесці да дзеючай расейскай улады неабходнасць тэрмінова вызваліць палітычных зняволеных, якія гніюць у турмах і лагерах па ўсёй краіне, - Надзею Талаконнікаву, Марыю Алёхіну, Леаніда Развазжаева, Міхаіла Хадаркоўскага і многіх іншых. Не менш важна паказаць Уладзіміру Пуціну цвёрдасць пазіцыі Францыі і міжнароднай супольнасці ў патрабаваннях выканання ў Расеі асноўных свабод. Усё гэта немагчыма без барацьбы з беспакаранасцю тых, хто занадта часта выходзіць сухім з вады, парушаючы правы чалавека ў краіне.

Хоць іх поле для манеўру растае падобна шагрэневай скуры, расейская грамадзянская супольнасць і праваабаронцы чакаюць ад Франсуа Аланда смелай пазіцыі на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Мы ж спадзяемся, што ён не выпусціць магчымасці нагадаць расейскаму рэжыму пра «дэмакратычныя патрабаванні», - пішуць яны.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках