24 красавiка 2024, Серада, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчыя не лічаць справу «Цесака» палітычнай

30
Следчыя не лічаць справу «Цесака» палітычнай

Актывіст расейскіх ультрарадыкальных арганізацый Максім Марцінкевіч па мянушцы «Цясак» знаходзіцца ў Менску і прыходзіць на допыты.

Cледчыя не бачаць «палітычнай падаплёкі ў справе».

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менску Аляксандр Герасімаў.

24 лютага трое падазраваных (сярод іх «Цясак») па крымінальнай справе за асабліва злоснае хуліганства былі адпушчаныя «з-за адсутнасці падстаў для ўтрымання пад вартай».

«Мы не ўбачылі нейкай асаблівай значнасці і сацыяльнай небяспекі ў іх дзеяннях. Мы разглядаем у чыстым выглядзе іх удзел у хуліганскіх дзеяннях», - сказаў Аляксандр Герасімаў.

Усе трое застаюцца падазраванымі, нікому з іх абвінавачванне пакуль не прад'яўлялася. Але да іх «прымененая мера працэсуальнага прымусу ў выглядзе абавязацельства аб яўцы».

«Крымінальная справа, натуральна, не закрытая. Крымінальны пераслед падазраваных не спынены. Праводзяцца следчыя мерапрыемствы, каб устанавіць усе абставіны ўчыненага злачынства. Вынятыя два нажа, прылада аэразольнага распылення. Зараз эксперты вызначаюць, ці з'яўляюцца нажы халоднай зброяй і ці знаходзіцца ў працоўным стане газавы пісталет. Бо было падазрэнне, што ён няспраўны. Але пакуль мы не атрымалі вынікаў экспертызы», - растлумачыў Герасімаў.

Максім Марцінкевіч абавязаны знаходзіцца ў Беларусі. У Следчым камітэце сказалі, што ён сам выказаў жаданне быць у Менску да заканчэння расследавання. Ён жыве ў знаёмых, на пастаяннай сувязі са следствам. Выглядае ён задаволеным.

У следства ёсць два відэазапісы: камеры знешняга назірання і запіс тых, хто нападаў і па матэрыялах справы з'яўляецца пацярпелымі і сведкамі.

«Кваліфікаваўшы гэты відэазапіс, следчыя прыйшлі да высновы, што мы маем у чыстым выглядзе хуліганства. Ніякай палітычнай падаплёкі мы ў гэтай справе пакуль не бачым», - сказаў Герасімаў.

Больш за ўсё пацярпеў беларус 1983 года нараджэння.

«У яго былі цялесныя пашкоджанні ў выглядзе гузоў і нажавых раненняў. Аднак яны не з'яўляюцца цяжкімі, такімі, якія пацягнулі за сабой расстройства здароўя і гэтак далей. Медыкі яго ўжо даўно выпісалі. Адно з нажавых раненняў было даволі глыбокім, але яно не закранула ніякіх жыццёва важных органаў», - распавёў Герасімаў.

Нагадаем, бойка з удзелам расейскага грамадзяніна Максіма Марцінкевіча адбылася 14 лютага каля прыватнага медцэнтра «Новое зрение» на вуліцы Клумава ў Менску. Следству вядома, што ў канфлікце з двух бакоў удзельнічалі па тры чалавекі. Аднаму з іх - грамадзяніну Беларусі 1983 года нараджэння - былі прычыненыя шматлікія цялесныя пашкоджанні, у тым ліку колата-рэзаныя раны. Праваахоўнікі затрымалі Марцінкевіча і двух беларускіх грамадзян. Усе яны праходзяць у якасці падазраваных па справе, узбуджанай па ч.3 арт.339 (Хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для прычынення цялесных пашкоджанняў) КК, якая прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Падазраваныя спачатку былі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання, 24 лютага іх вызвалілі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках