18 лiстапада 2018, Нядзеля, 22:35
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Суд над мадэльерам Сашам Варламавым

91

Суд над Варламавым праходзіць у той жа зале, дзе судзілі Канавалава і Кавалёва.

Працэс пачаўся а 10.30 у менскім Доме правасуддзя. У актавай зале знаходзіцца некалькі дзясяткаў пацярпелых.

Аляксандра Варламава прывялі за некалькі хвілін да пачатку працэсу, каб даць магчымасць прэсе зрабіць фота-і відэаздымку, паведамляе «Інтэрфакс».

Прыведзены ў залу суда 57-гадовы мадэльер выглядае пастарэлым, цяжка перасоўваецца, ходзіць з кіем. Са слоў сястры мадэльера, ён перанёс тры аперацыі на хрыбетніку, у дзень арышту Варламаву далі III групу інваліднасці.

У часе судовага паседжання адвакат Павел Піваварчык прасіў змяніць меру стрымання падсуднаму, матывуючы гэта станам здароўя ягонага падабароннага. Суд адхіліў просьбу.

Дзяржаўны абвінаваўца Павел Папкоў, старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Менска, зачытаў абвінавачванне.

Як вынікае з ягоных слоў, «злачынная дзейнасць» Варламава тычыцца перыяду 2004-2011 гадоў. Мадэльеру ставіцца ў віну незаконнае выкарыстанне для арганізацыі платных заняткаў памяшканняў, дадзеных ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава» Белдзяржуніверсітэтам у будынку БДУ і ў ліцэі БДУ. Гэта прычынілася да недаплаты арэндных і камунальных выплат на суму 88,6 млн рублёў.

Варламаў таксама абвінавачваецца ў службовых фальсіфікацыях, унясенні хлуслівых звестак у дакументы, згодна з якімі памяшканні, што даў БДУ Цэнтру сучаснага стылю і моды, які ён узначальваў, выкарыстоўваліся выключна гэтай структурай. Гэта значыць, як сцвярджае дзяржабвінавачанне, Варламаў схаваў ад кіраўніцтва ВНУ факт выканання платных паслуг на дадзенай яму базе.

На працягу паўтары гадзіны Папкоў зачытваў, у якія дні і якія памяшканні, у прыватнасці ліцэя БДУ, эксплуатаваў Варламаў ад імя Цэнтра сучаснага стылю і моды ў 2004-2008 гадах. У матэрыялах справы фігуравалі актавая зала, фае, жаночыя раздзявальні і некаторыя іншыя памяшканні.

Абвінавачванне сцвярджае, што Варламаў у інтарэсах уласнага прадпрыемства - «Агенцтва моды Сашы Варламава», рэкламаваў яго і ягоныя платныя паслугі за кошт сродкаў дзяржбюджэту, якія выдаваліся на рэкламу фестывалю «Млын моды».

Нагадаем, 30 лістапада Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Менскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Варламава, які абвінавачваецца паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Варламаву было выстаўленае канчатковае абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасць за ўчыненне махлярства ў асабліва буйнай суме(ч.4 арт.209 КК), крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйной суме (ч.3 арт.210), прысваенне маёмасці (ч. 2 арт.211), ухіленне ад выплаты падаткаў (ч.1 арт.243), злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч.3 арт. 424).

У СК праінфармавалі, што ў якасці сведак у крымінальнай справе дапытана больш за 800 чалавек, пацярпелымі прызнаныя 353 асобы. Паводле звестак следства, агулам матэрыяльная шкода, прычыненая злачыннымі дзеяннямі Варламава, склала больш за Br 1,2 млрд.

Дырэктар ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава», былы мастацкі кіраўнік Цэнтра сучаснага стылю і моды «UNIVERSUM MODELS» управы спраў культуры БДУ, былы намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» і начальнік Цэнтра моладзевай моды БДУ Варламаў быў змешчаны пад варту 20 траўня 2011 года.

Фота: «Наша Ніва»