20 жнiўня 2018, панядзелак, 22:08
Рубрыкі

Юбілей Дуніна-Марцінкевіча

4

Класік беларускай літаратуры нарадзіўся 205 гадоў таму, 4 лютага 1808 года.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы пад Бабруйскам у сям'і дробнага шляхціца-арандатара.

Сярэднюю адукацыю будучы пісьменнік і драматург атрымаў у Бабруйску, затым быў два гады студэнтам-медыкам Віленскага ўніверсітэта, служыў чыноўнікам у розных установах Менска.

Дунін-Марцінкевіч пісаў на беларускай і польскай мовах. Цэнтр ягоных мастацкіх замалёвак - беларуская вёска, яе побыт. Асаблівую ўвагу надаваў беларускаму фальклору. Паэт маляўніча ўзнаўляе беларускія абрады («купальская ноч», «дажынкі», «дзяды»).

П'есы Дуніна-Марцінкевіча застаюцца актуальным матэрыялам для беларускіх драматычных тэатраў. Устойлівай папулярнасцю карыстаецца «Пінская шляхта», адрозная жвавасцю дыялогу і ўдалым разгортваннем камічных сітуацый. Гэтая п'еса з'яўляецца класічным беларускім літаратурным творам і ўваходзіць у школьную праграму, гэтак жа як і камедыя «Залёты».

Імпрэзы, прымеркаваныя да гадавіны нараджэння пісьменніка і драматурга, пройдуць у сядзібе пад Валожынам, дзе ён жыў цягам 20 гадоў.