28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

16
Дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША нарадзіўся 4 лютага 1746 года ў фальварку Мерачоўшчына каля мястэчка Косава.

У 1755 Тадэвуш Касцюшка разам са старэйшым братам паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у горадзе Любяшове, дзе правучыўся да 1760 года. З 1765 па 1769 вучыўся ў створанай Станіславам Панятоўскім Рыцарскай школе ў Варшаве - фактычна вайсковай акадэміі, дзе рыхтавалі адукаваных афіцэраў. Ужо тады Касцюшка здзіўляў навакольных аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, якія нагадвалі ягоным таварышам пра Карла XII, за што ён атрымаў мянушку «Швед». Тадэвуш стаў адным з самых паважаных кадэтаў. Ён выбраў вайскова-інжынерную спецыялізацыю і скончыў гэтую школу ў рангу капітана.

У 1769 годзе Тадэвуш Касцюшка атрымаў каралеўскую стыпендыю і адправіўся ў Парыж для навучання ў вайсковай акадэміі. Вялікі ўплыў на маладога вайскоўца зрабілі ідэі асветнікаў - Вальтэра, Мантэск'ё, Русо. У 1774 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Месцы ў войску Рэчы Паспалітай Касцюшка не знайшлося. Афіцэрскую пасаду на той момант можна было толькі купіць за вялікую суму.

Не знайшоўшы сабе ўжытку на радзіме, ён у 1775 годзе выехала ў Амэрыку, каб у рангу палкоўніка змагацца на вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. Займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. Вядомасць яму прынёс уклад ягонай фартыфікацыі пры абароне Тыкандэрогі і пры бітве пад Саратогай 1777 года. Тадэвуш бліскуча даў рады будаўніцтву ўмацаванняў для абароны Філадэльфіі, што дазволіла яму стаць галоўным інжынерам Паўночнай арміі, якая адбівала напады ангельцаў з боку Канады і Нью-Ёрка. На ўласную просьбе Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвую армію, дзе ягоныя веды вайсковага інжынера таксама дазволілі атрымаць шэраг перамог над ангельцамі. У прызнанне ягоных заслуг Кангрэс ЗША 13 кастрычнік 1783 надаў яму годнасць брыгаднага генерала амерыканскай арміі.

Па вяртанні на радзіму ў пачатку траўня 1792 года Касцюшка быў прызначаны камандзірам адной з трох дывізій, якія складалі войска Рэчы Паспалітай пад камандаваннем князя Юзэфа Панятоўскага (налічвала блізу 17 тысяч жаўнераў). У траўні 1792 Касцюшкі вызначыўся ў некалькіх баях з расейскімі войскамі.

Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Касцюшкі эміграваў у Саксонію, затым у канцы 1792 перабраўся ў Парыж, дзе ад імя патрыётаў Рэчы Паспалітай вёў беспаспяховыя перамовы з французскім рэвалюцыйным урадам аб супольных дзеяннях супраць Аўстрыі і Прусіі.

Па вяртанні з Францыі ў Саксонію, а затым - у Галіцыю Касцюшка актыўна далучаецца да падрыхтоўкі агульнанацыянальнага паўстання, «дыктатарам» якога яго прызначылі.

Фактычна паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794, калі генерал Антоні Мадаліньскі адмовіўся скарачаць I Вялікапольскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі і рушыў на чале яе з Астроленкі на Кракаў. Даведаўшыся пра гэта, Касцюшка неадкладна з'явіўся ў Кракаў і там абвясціў Акт паўстання, прысягнуў сам, прывёў да прысягі жыхароў і гарнізон. Актам паўстання, падпісаным усімі жыхарамі места, Касцюшка быў абвешчаны «Начальнікам паўстання», і яму была дадзеная ўся паўната цывільнай і вайсковай улады ў краіне. Гэты дзень - 24 сакавіка - зазвычай і ўважаецца за дзень пачатку паўстання. У той жа дзень Тадэвуш звярнуўся да насельніцтва, выдаўшы чатыры патрыятычныя адозвы: «Да войска», «Да грамадзян», «Да святароў» і «Да жанчын».

4 красавіка паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі атрымалі перамогу над расейскімі войскамі пад Рацлавіцамі. 17-18 красавіка паўстанцы-месцічы вызвалілі Варшаву, а 22-23 красавіка Вільню. 7 траўня Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім сялянам абяцалася асабістае вызваленне і змяншэнне павіннасцяў. Але ўжо 6 чэрвеня Касцюшка пацярпеў паразу ў Шчыкоціне. Наступная аблога Варшавы злучанай расейска-прускай арміяй скончылася няўдачай у значнай меры дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву абаронай з боку Касцюшкі. 10 кастрычніка ў бітве пад Мацяёвіцамі з расейскімі войскамі ён быў цяжка паранены, узяты ў палон.

Да лістапада 1796 Касцюшка быў зняволеным Петрапаўлаўскай цытадэлі ў Петэрбургу. Пасля гэтага ён жыў у эміграцыі.

Імем Касцюшкі названыя вуліцы і плошчы ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны, а таксама - найвышэйшая гара Аўстраліі. Ягонае імя таксама ўвекавечанае ў ЗША.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках