16 красавiка 2024, aўторак, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Варламаў не прызнаў сябе вінаватым

31
Варламаў не прызнаў сябе вінаватым

Дзяржаўныя абвінаваўцы скончылі чытаць абвінавачванне вядомаму мадэльеру, cваю віну ў інкрымінаваных яму супрацьпраўных дзеяннях ён не прызнаў.

З выступленняў 4-5 лютага на працэсе дзяржабвінаваўцаў стала вядома, што Варламаву, у прыватнасці, ставіцца ў віну незаконнае выкарыстанне для арганізацыі платных заняткаў памяшканняў, выдзеленых ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава» Белдзяржуніверсітэтам непасрэдна ў будынку БДУ і ў ліцэі БДУ. Гэта прывяло да недаплаты арэндных і камунальных плацяжоў на суму 88,6 млн. рублёў. Ён таксама абвінавачваецца ў службовых падлогаў, унясенні ілжывых звестак у дакументы, згодна з якімі памяшканні, выдзеленыя ўзначаленаму ім Цэнтру сучаснага стылю і моды БДУ, выкарыстоўваліся выключна гэтай структурай. Гэта значыць, як сцвярджае дзяржабвінавачанне, Варламаў схаваў ад кіраўніцтва ВНУ факт прадастаўлення платных паслуг на выдзеленай яму базе, паведамляе БелаПАН.

Абвінавачванне сцвярджае, што вядомы мадэльер у інтарэсах уласнага прадпрыемства - «Агенцтва моды Сашы Варламава» - рэкламаваў яго і яго платныя паслугі за кошт сродкаў дзяржбюджэту, якія вылучаліся на рэкламу фестывалю «Млын моды». Сродкі ад некалькіх соцень тысяч рублёў да некалькіх дзесяткаў мільёнаў рублёў пералічваліся ў 2007-2010 гадах на рэкламу фестывалю ў газетах, на радыё, на беларускіх і расейскіх тэлеканалах, у маршрутных таксі. Дзяржабвінавачанне прывяло дадзеныя, паводле якіх справаздачы аб паездках мадэляў Варламава за мяжу, у прыватнасці ў Германію і Швецыю, былі фальсіфікаваныя. З іх вынікае, што члены дэлегацый атрымлівалі камандзіровачныя (200-220 даляраў), якіх на самай справе яны не атрымлівалі, а сродкі на гэтыя мэты былі прадугледжаныя. У ліку пацярпелых некалькі дзесяткаў чалавек. Варламаў жа нібыта зарабіў на гэтым амаль 25 тысяч еўра.

Абвінавачванне сцвярджае, што Варламаў хаваў ад удзельнікаў замежных паказаў інфармацыю аб тым, што іх удзел ужо прафінансаваны, і браў з іх грошы. Гаворка ідзе аб дзеяннях мадэльера, які арганізоўваў паказы мадэляў у Еўропе, міжнародныя майстэрні і этапы конкурсу фестывалю «Млын моды» ў 2007-2010 гадах, у прыватнасці ў Германіі, Чэхіі, Бельгіі, Швецыі, Аўстрыі, Літве. Па дадзеных следства, фінансаванне гэтых мерапрыемстваў ажыццяўлялася з бюджэту і пазабюджэтных крыніц. У той жа час Варламаў хаваў ад некаторых бацькоў і асоб, якія суправаджалі мадэляў, інфармацыю аб тым, што яны ўключаныя ў склад дэлегацыі і не абавязаныя аплачваць выдаткі на знаходжанне, жыхарства і перасоўванне за мяжой, а таксама страхоўку.

Пасля паездак, як сцвярджае абвінавачванне, мадэльер атрымліваў ад гэтых людзей грошы. Сумы вар'іраваліся ад некалькіх соцень еўра і даляраў да некалькіх соцень мільёнаў рублёў. Абвінавачванне таксама сцвярджае, што пасля замежных паездак з мадэлямі ў 2007-2010 гадах Варламаў ашуканскім шляхам завалодаў сродкамі ў памеры больш за 81 мільён рублёў у эквіваленце, якія яму выплачвалі ашуканыя бацькі мадэляў.

Абвінавачванне сцвярджае, што на працягу 2005-2011 гадоў Аляксандр Варламаў браў наяўныя грошы за навучанне мадэляў, але не ўносіў іх на разліковы рахунак ПУП «Агенцтва моды Сашы Варламава». Па дадзеных следства, у розныя перыяды навучання такім чынам з Варламавым расплачваліся некалькі дзесяткаў мадэляў і іх прадстаўнікоў, калі гаворка ішла аб непаўналетніх удзельніках праекта. Яны плацілі ад 70 тысяч да амаль 2 мільёнаў рублёў у залежнасці ад тэрмінаў навучання. Нібыта ў 2005-2010 гадах падаткі не былі выплачаныя прыкладна з 21 мільёна рублёў. Варламаву таксама ставіцца ў віну прыніжэнне падаткаабкладальнай базы, тое, што яго прадпрыемства не даплачвае ўзносы ў розныя фонды.

Варламаў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў асабліва буйным памеры), ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 211 КК (прысваенне маёмасці), ч. 1 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Матэрыялы справы складаюць 147 тамоў.

У якасці сведак па крымінальнай справе дапытаныя больш за 800 чалавек. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы.

Па дадзеных следства, агульная матэрыяльная шкода, прычыненая злачыннымі дзеяннямі Варламава, склала больш за 1 млрд. 200 млн. рублёў.

Варламаў быў заключаны пад варту 20 траўня 2011 года.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках