29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гаспадарчы актыў у духу савецкага часу

21

У Берасці прайшоў сход кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў горада паводле вынікаў 2012 года.

Хада мерапрыемства вельмі арганічна спалучалася з назвай вуліцы Камуністычнай, дзе адбывалася гэтая дзея.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, сходу папярэднічала разгорнутая ў фае грамадска-культурнага цэнтра выстава «дасягненняў народнай гаспадаркі» Берасцейскай вобласці, якая не асабліва ўражвала ні разгарненнем, ні асартыментам. На тварах чыноўнікаў і дырэктараў нават чыталася расчараванне, што прадэгуставаць можна было толькі прадукцыю мясцовых пекараў і ААТ «Савушкін прадукт», а не напоі ад тутэйшага лікёра-гарэлачнага завода і ААТ «Брэсцкае піва». Прыклад падаў брэсцкі «губернатар» Канстанцін Сумар, сербануўшы кефіру.

Калі ж дайшло да справаздачных дакладаў, то ў іх прамяніўся часам цяжка вытлумачальны аптымізм на фоне зусім не бліскучага становішча спраў у эканоміцы. Чаго вартыя словы старшыні Берасцейскага гарвыканкама Аляксандра Палышанкова пра нябачаныя тэмпы росту заробку: калі верыць галоўнаму гарадскому чыноўніку ў канцы снежня мінулага года ў сярэднім ён склаў 4,6 мільёны рублёў або больш за $ 530 у эквіваленце. А пасля гэтага берасцейскі «мэр» стаў распавядаць, што ў месце з 15 прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця выканана толькі 6. Пры гэтым прырост прадукцыі толькі ў вырабе малочнай прадукцыі, алкаголю (акрамя піва) і газавых пліт, а на шмат якіх прадпрыемствах заробак прыкметна не дацягвае да сярэднегарадскога. Так, на ААТ «Дываны Брэста», дзе надоечы ткачыхі прарываліся на сустрэчу з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам, нават паводле афіцыйнай статыстыцы заробак складае блізу 1,5 мільёны рублёў.

Але яшчэ горш выглядаюць паказчыкі экспарту прадукцыі і прывабленых замежных інвестыцый. Закранаючы апошнія, было адзначана, што ў мінулым годзе яны склалі 28 мільёнаў даляраў, а на гэта год запланавана да 40 мільёнаў у амерыканскай валюце. Для параўнання: у польскім Любліне, дзе жыве прыкладна столькі ж людзей, як і ў Берасці, штогод прывабліваюць па 200-250 мільёнаў даляраў інвестыцый.

У цэлым падчас сходу актыву склалася ўражанне, што берасцейсцкія ўлады, пераканаўшыся ў няздольнасці кардынальна змяніць сітуацыю на дзяржпрадпрыемствах, пачалі сур'ёзны ціск на прыватны бізнэс. Так, пасля выступу дырэктара ТАА «Укараняльнае прадпрыемства «Альтэрнатыва» Юрыя Мацвеева (ягоная фірма вырабляе высокатэхналагічную і шмат у чым унікальную для Беларусі прадукцыю - сістэмы кандыцыянавання), старшыня гарвыканкама абрынуўся з крытыкай за зніжэнне аб'ёмаў прадукцыі. Мацвееў паспрабаваў растлумачыць, што дзеля крызісу колькасць заявак зменшылася, а вырабляць незапатрабаваны на рынку тавар, які абсядзе на складзе, прыватнае прадпрыемства сабе дазволіць не можа. У адказ Аляксандр Палышанкоў вымавіў гнеўную тыраду: «Не трэба смактаць лапу, чакаць, пакуль да вас прыйдуць і прынясуць заяўку на сподачку, трэба самім ісці і шукаць гэтага заяўніка». Дырэктар ТАА «Альтэрнатыва» запярэчыў, што ніхто ягонай фірме нічога не прыносіць і ўсе заяўкі (адрознена ад дзяржпрадпрыемстваў) зарабляюцца сваёй працай і рэпутацыяй, пасля чаго пакінуў трыбуну, не чакаючы новых абвінавачванняў ад мясцовага начальства.

У выніку сходу была прынятая рэзалюцыя, ярка вытрыманая ў духу савецкага часу. Тут і памяркоўная порцыя крытыкі («спрацавалі ніжэй за свае магчымасці», «не дасягнутыя запланаваныя граніцы», «не здолелі арганізаваць працу з поўнай аддачай»), і пустыя абавязанні («правесці мабілізацыю ўсіх наяўных сіл і сродкаў», «даваць прынцыповую ацэнку кадраў», «ажыццяўляць сталы кантроль за асваеннем сродкаў», «нарасціць экспарт і ўдзельную вагу інавацыйнай ды імпартазамяшчальнай прадукцыі»). І, як вяршыня ўсяго - «сход актыву выказвае ўпэўненасць, што ўсе пазначаныя планы будуць выкананыя». Мясцовыя журналісты ўжо прыкмецілі, што гэтая фраза, без якіх-небудзь змен, была перапісаная з леташняй ухвалы такога ж гаспадарчага актыву.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках