Штрафы можна будзе аплачваць праз Інтэрнэт
12- 7.02.2013, 18:46
Штрафы і дзяржаўныя зборы ў Беларусі можна будзе аплаціць безнаяўным чынам, у тым ліку праз інтэрнэт.
Як паведаміў журналістам 7 лютага міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, тэрміны ўкаранення аплаты штрафаў і дзяржаўных збораў безнаяўным чынам пакуль не вызначаныя, аднак праца ў гэтым кірунку ўжо пачалася, паведамляе БелаПАН.
Пакуль жа аплату можна зрабіць у банку. Як адзначыў Сліжэўскі, у 2012 годзе судамі Беларусі спагнана 5 трлн. рублёў розных штрафаў і дзяржаўных збораў, што ў 4,5 разы больш, чым у 2011 годзе.
Як паведаміў Сліжэўскі, Мінюст мае намер укараняць ў працу судоў новыя інфармацыйныя тэхналогіі. У прыватнасці, плануецца ўкараніць аўдыё-і відэазапіс судовых працэсаў, каб «грамадзяне больш давяралі судовым працэдурам», а таксама ўсталяваць відэаканферэнцсувязь паміж судамі краіны.
Сліжэўскі таксама паведаміў, што Мінюстам супольна з іншымі зацікаўленымі органамі «прапрацоўваецца пытанне» аб стварэнні адзінай службы службовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў.