16 красавiка 2024, aўторак, 22:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбіць апору пад дыктатурай

33
Выбіць апору пад дыктатурай

Лёгкімі шляхамі, хітрымі інтрыгамі ці «чароўнымі ключыкамі» рэжым не зменіш.

«Краеугольными опорами нашего общества являются Советы депутатов, профсоюзы, ветеранские, женские, молодежные организации» - заявіў Лукашэнка ў 2010 годзе, падчас свайго выступу перад «дэпутатамі» «нацыянальнага сходу». Пры гэтым ён меў на ўвазе не толькі (і не столькі) наменклатурнае кіраўніцтва гэтых арганізацый, колькі тых людзей, што галасуюць за праўладных дэпутатаў на выбарах і з’яўляюцца шэраговымі сябрамі дзяржаўных прафсаюзаў і марыянеткавых аб’яднанняў.

Лукашэнка спадзяецца на падтрымку той траціны беларусаў, якія баяцца, што ў вольным грамадстве яны стануць нікому не патрэбныя і без апекі дзяржавы прападуць, якіх цікавіць толькі «чарка ды шкварка», для якіх заробак 500 даляраў за месяц – мяжа мараў, а дэмакратыя і рынкавая эканоміка не новыя магчымасці – а небяспека. Менавіта гэтыя людзі заўсёды галасуюць за Лукашэнку і гэта менавіта для іх «нет ничего невыносимее свободы».

Але гэтыя «савецкія беларусы» ніколі не пойдуць з уласнай ініцыятывы на мітынг у абарону свайго куміра. Максімум на што яны здольныя – гэта паслухмяна схадзіць на выбары і прагаласаваць так, як ім загадае начальства.

Народная апазіцыя

Адначасова ёсць у нашым грамадстве людзі (і іх таксама 1/3), якія ўжо не могуць і не хочуць успрымаць палітыку, ідэалогію і эстэтыку савецка-калгаснага ладу.

Гэтая новая беларуская «сярэдняя класа» – кваліфікаваныя рабочыя і фермеры, прадпрымальнікі і мэнэджары, выкладчыкі і спецыялісты, работнікі творчых прафесіяў і навукоўцы –  болей не хоча атрымліваць міласціну ад дыктатара, бо перакананая, што пры еўрапейскай палітычнай і эканамічнай сістэме яна здолее пракарміць сябе і сваю сям’ю ўласнымі рукамі і галавой.

Менавіта прадстаўнікі гэтай «сярэдняй класы» (а не дзяржаўная бюракратыя) аб’ектыўна з’яўляюцца асноўнымі і галоўнымі прыхільнікамі рэформаў у Беларусі, і менавіта яны выйшлі на Плошчу 19 снежня 2010 году.

Таксама ў нашым грамадстве ёсць траціна беларусаў, якія ўжо не задаволеныя Лукашэнкам і не давяраюць яму, бо лічаць сябе абрабаванымі праз шокавую дэвальвацыю і няспынны рост коштаў. Але яны не гатовыя адкрыта змагацца за свае правы, а будуць толькі незадаволена бурчэць на сваёй кухні і далучацца да пратэстаў толькі тады, калі стануць відавочнымі аслабленне рэжыму і перавага апазіцыі.

Пратэстны рух

Байкот «парламенцкіх выбараў» атрымаўся таму, што заклікі да байкоту з боку часткі апазіцыі супалі з настроямі большасці беларускіх гараджанаў, якія ўжо не давяраюць дыктатарскай уладзе. Больш за 2000 незалежных назіральнікаў ва ўсёй краіне зафіксавалі: у Менску ўзялі ўдзел у галасаванні толькі 34% выбарцаў, а ва ўсіх гарадох сярэдняя яўка склала 43%. Гэта той максімум, на які можа разлічваць сёння Лукашэнка нават на недэмакратычных выбарах, але пры празрыстым падліку галасоў. Байкотам «палаткі» нанесены першы моцны ўдар па сацыяльнай базе дыктатуры.

У канцы мінулага году пачаўся стыхійны выхад работнікаў з дзяржаўных прафсаюзаў у розных рэгіёнах краіны. Так, на РУУП «Граніт» у Мікашэвічах з дзяржаўнага прафсаюза выйшла 600 чалавек, а 200 работнікаў падалі заявы на ўваход у незалежны прафсаюз. 150 работнікаў выйшлі з дзяржаўнага прафсаюза на «Пінскдрэве», а на Наваполацкім «Шкловалакне» – 100 чалавек. Пашыраецца працэс ціхага персанальнага выхаду з афіцыйных прафсаюзаў, праз напісанне заяваў аб адмове выплачваць прафсаюзныя ўнёскі.

Прычыны выхаду называюцца розныя: ад нізкага заробку да абразлівых і зневажальных паводзінаў начальства. Работнікі кажуць, што дзяржаўныя прафсаюзы не толькі не абараняюць іх інтарэсы, але ўдзельнічаюць у штодзённым прыніжэнні і ціску на іх.

Паляпшэння эканамічнага становішча пры Лукашэнку ўжо ніхто і не чакае, а сацыяльная напруга будзе толькі нарастаць.

Таму, галоўнымі пратэстнымі дзеяннямі на бліжэйшыя два гады могуць стаць выхад з афіцыйных прафсаюзаў і адмова выплачваць прафсаюзныя ўнёскі. Формы могуць быць розныя: ад публічнага калектыўнага выхаду з выстаўленнем адміністрацыі сваіх патрабаванняў да ціхага напісання персанальнай заявы аб адмове выплачваць прафсаюзныя ўнёскі (маўляў, грошаў сабе не стае).

Альтэрнатыва дыктатуры

Кампанія ў падтрымку свабодных прафзвязаў - гэта тое, што лунае ў паветры. Паводле незалежных сацыялагічных службаў, сёння давяраюць свабодным і незалежным прафсаюзам блізу 40% працаздольных беларусаў. Гэта амаль на 10% болей, чым давяраюць афіцыйным прафсаюзам і нават самому Лукашэнку. І гэта пры тым, што ў дзяржаўных прафсаюзах фармальна знаходзіцца пад тры мільёны чалавек, а ў свабодных і незалежных толькі каля 8 тысяч!

Усім прыхільнікам дэмакратычных змен у Беларусі трэба зразумець, што сёння свабодныя прафзвязы з’яўляюцца не толькі карпарацыямі невялікай колькасці работнікаў дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў, што змагаюцца за свае вузкагрупавыя інтарэсы. Сёння свабодныя прафзвязы – гэта той брэнд, які ў грамадскай свядомасці не выклікае негатыўнага стаўлення і гэта той механізм, пры дапамозе якога можна выйсці на сталы кантакт з усімі незадаволеннымі існым рэжымам і дамагацца дэмакратычных зменаў.

Але сёння свабодным прафзвязам не стае актывістаў-арганізатараў, якія бы здолелі давесці рэальную падтрымку да ўзроўню дэклараванага даверу. Таму ўсім людзям, што ўважаюць сябе за апазіцыю існаму рэжыму, усім сябрам незалежных грамадскіх аб’яднанняў і дэмакратычных партый неабходна актыўна далучыцца да дзейнасці свабодных прафзвязаў і дапамагчы ім стаць сапраўды масавымі.

Неабходна пры свабодных прафзвязах стварыць суполкі не толькі рабочых дзяржаўных прадпрыемстваў, але таксама інжынерных работнікаў,  індывідуальных прадпрымальнікаў,  работнікаў прыватных фірм,  студэнтаў,  настаўнікаў,  лекараў і нават пенсіянераў.

Таксама трэба, каб створаная пры свабодных прафсаюзах рада экспэртаў падрыхтавала праект рэформаў, які будуць гатовыя падтрымаць свабодныя прафзвязы і які адкажа ўсім беларусам на пытанне: «А, што вы прапануеце ўзамен?».

Неабходна, каб усе, хто ў розных формах выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў атрымлівалі магчымасць рэгулярнага доступу да інфармацыйнай, арганізацыйнай і юрыдычнай дапамогі з боку свабодных прафзвязаў. Трэба, каб пра дзейнасць свабодных і незалежных прафзвязаў даведалася большасць беларусаў.

І вось тады, калі колькасць чальцоў і нефармальных сябраў свабодных прафзвязаў, што маюць з прафсаюзам сталы арганізацыйны і (ці) інфармацыйны кантакт, перавысіць 100 тысяч чалавек, калі апазіцыйны лідар не менш як за паўгода да выбараў будзе мець у грамадстве падтрымку большую за Лукашэнку, толькі тады можна будзе дамагацца выбараў з празрыстым падлікам галасоў.

Так, пастаўленых мэтаў вельмі цяжка дасягнуць. Так, Лукашэнка абапіраецца на сілавікоў, чыноўнікаў і ўчыняе перманентныя палітычныя рэпрэсіі супраць апазіцыі. Так, яго падтрымлівае Крэмль і кожны трэці беларус. Але лёгкімі шляхамі, хітрымі інтрыгамі ці «чароўнымі ключыкамі» рэжым не зменіш. І ніякія наменклатурныя перавароты, спецаперацыі расейскіх спецслужбаў ці заходнія «санкцыі» не адхіляць дыктатара ад улады. Зрабіць гэта можам толькі мы з Вамі.

P.S. 13 сакавіка адбылося паседжанне сябраў менскага аргкамітэта для стварэння партыі «Беларускі Рух», на якім была прынятая пастанова ўвайсці ў склад «Беларускага прафзвяза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці ды іншых галін народнай гаспадаркі» і стварыць у яго структуры групу «Беларускага Руху». На сёння сябрам прафзвяза РЭП можа стаць не толькі работнік радыёэлектроннай прамысловасці, але і кожны ахвотны, не зважаючы на месца працы, навучання або нават знаходжанне ў шэрагах афіцыйнага прафсаюза.

Яшчэ раней, сябрамі прафзвяза РЭП сталі ўсе сябры менскай гарадской арганізацыі «Еўрапейская Беларусь».

Віктар Івашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках