25 красавiка 2024, Чацвер, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

100 тысяч чалавек з усяго свету выступілі ў падтрымку Алеся Бяляцкага

36
100 тысяч чалавек з усяго свету выступілі ў падтрымку Алеся Бяляцкага

Amnesty International падрахавала вынікі Марафону напісання лістоў Алесю Бяляцкаму, які прайшоў ва ўсім свеце.

Увогуле ва ўсім свеце была праведзеная 104 731 акцыя ў падтрымку беларускага праваабаронцы, якога аўтарытэтная міжнародная арганізацыя прызнала вязнем сумлення.

Удзельнікі глабальнай кампаніі выказалі сваю падтрымку зняволенаму кіраўніку ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) рознымі спосабамі, прапанаванымі актывістамі Amnesty International - напісаннем лістоў салідарнасці, падпісаннем петыцый за вызваленне Алеся Бяляцкага на адрас беларускіх улад, а таксама творчымі акцыямі, у тым ліку канцэртамі і светлавымі праекцыямі.

У спісе краін, дзе гэткія захады былі зробленыя, Amnesty International называе наступныя: Аўстрыя, Бэльгія, Бэрмудзкія выспы, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Фінляндыя, Гана, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Люксэмбург, Малі, Мальта , Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расея, Славаччына, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швэцыя, Швайцарыя, Тайвань, Тога, Туніс, Украіна, Вэнэсуэла, Вялікабрытанія.

Арганізацыя падае толькі некаторыя прыклады акцый, зробленых у абарону правоў Алеся Бяляцкага.

У Японіі актывісты зрабілі больш за 1000 ліхтарыкаў у рамках Марафона Amnesty International.

У Паўднёвай Карэі для вырабу такiх ліхтарыкаў таксама сабралася шмат людзей.

А ў Люксэмбургу ліхтарыкі былі воданепранікальныя і адправіліся ў плаванне ўніз па рацэ ў цэнтры места, распавядаючы пра такіх палітычных вязняў, як Алесь Бяляцкі.

У Малі група актывістаў такім чынам паспрабавала расказаць аб парушэннях правоў чалавека.

Школьнікі з Тога напісалі ліст Алесю Бяляцкаму.

А ў Манрэалі (Канада), перш чым пісаць лісты, ахвотныя мелі магчымасць больш пачытаць пра Алеся Бяляцкага.

У Парагваі людзі ўзялі ўдзел у роварным заездзе ў рамках Марафона, а затым падпісалі петыцыі.

У Славеніі плакаты на гарадскіх вуліцах таксама падахвочвалі мінакоў спыніцца і зрабіць захады ў падтрымку Алеся.

У марознай Фінляндыі актывісты выйшлі на акцыю з запаленымі свечкамі і партрэтамі палітвязняў.

Польшча далучылася да марафона рознымі творчымі акцыямі. Мастак-графіціст выявіў лісты, што падаюць у паштовую скрыню.

Відарыс Алеся Бяляцкага на вулічным палатне ў Варшаве.

«Каляндар спачування» сімвалізуе турэмную камеру Алеся, перададзены прэзідэнту Браніславу Камароўскаму.

Актывістка з Познані дэманструе сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім, удзельнічаючы ў адмысловай фотаакцыі. У Польшчы 30 894 захадаў у падтрымку палітвязня было зроблена ўсяго за 24 гадзіны!

Марафон Amnesty International аб'ядналі мноства еўрапейцаў для напісання лістоў і падпісання петыцый за Алеся Бяляцкага. Такія акцыі прайшлі ад Італіі да Вялікабрытаніі.

Адрасантам петыцый і лістоў салідарнасці раздавалі налепкі з выявай праваабаронцы-палітвязня.

У Міжнародным сакратарыяце Amnesty International у Лондане ў Дзень правоў чалавека ўдзел у Марафоне салідарнасці узяў былы палітвязень Андрэй Саннікаў.

Нагадаем, што штогадовы праваабарончы Марафон напісання лістоў Amnesty International пачаўся 7 снежня 2012 года, напярэдадні Дня правоў чалавека, і прайшоў ва ўсім свеце пад лозунгам «Пішам за права! Даможамся перамен!». Мэтай марафона было прывабліванне ўвагі міжнароднай грамадскасці да лёсу праваабаронцаў, якія пераследуюцца ўладамі ў розных краінах свету.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках