18 красавiка 2024, Чацвер, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Угода з Аманам была «шырмай» для махінацый чыноўнікаў

23
Угода з Аманам была «шырмай» для махінацый чыноўнікаў

На думку эканаміста Сяргея Чалага, угода з Дзяржаўным рэзэрвовым фондам Султаната Аман на будаўніцтва ў цэнтры Менска гатэльнага комплексу, была ўсяго толькі шырмай для махінацый у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка даў загад Менскаму гарвыканкаму скасаваць дамову з Дзяржаўным рэзэрвовым фондам Султаната Аман на будаўніцтва ў цэнтры беларускай сталіцы шматфункцыянальнага гатэльнага комплексу. З гэтай прычыны падпісаны адмысловы прэзідэнцкі ўказ № 93.

Яго надрукавалі на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Але ўказ Лукашэнкі - гэта толькі канстатацыя таго, што адбылося. Бо ініцыятыва скасавання праекта ідзе не з Беларусі, а з Амана. Менавіта там летам 2012 паставілі крыж на гэтай задуме, палічыўшы яе нерэнтабельнай. Бізнэсоўцы з Амана пастанавілі, што кідаць на вецер 150 мільёнаў даляраў (у такую суму ацэньваецца праект) немэтазгодна, паведамляе «Радыё Свабода».

Беларуская старана, відавочна, чакала, што аманцы «адумаюцца». Але так і не дачакалася. Будынак другой клінічнай лякарні на вуліцы Янкі Купалы, які вызвалілі спецыяльна для гэтага праекта, ужо два гады стаіць пустым. Гледзячы на яго, і ў жыхароў сталіцы, і ў гасцей узнікае пытанне, чаму ў самым цэнтры горада пустуе такое вялікае памяшканне? Выдзяленне аманскім бізнэсоўцам вялікага надзелу зямлі ў самым цэнтры сталіцы, выставачнага павільёна «Белэкспа», другой гарадской клінічнай лякарні ды іншых будынкаў усяго за 10 мільёнаў даляраў выклікала неразуменне. Да таго ж усё гэта аддавалася без тэндэру і аўкцыёну, з асабістага загаду Аляксандра Лукашэнкі.

Эканаміст Сяргей Чалы распавёў, што сума ў 10 мільёнаў даляраў за вялікі надзел зямлі ў самым цэнтра Менска падчас аб'явы ўгоды здалася яму падазрона малой:

«Таму я зрабіў наступнае. Падлічыў на карце плошчу дзялянкі. Затым зайшоў на сайт Нацыянальнага кадастравага агенцтва. І спецыяльна ўзяў самы мінімальны кошт, каб хібнасць была на карысць улады. Атрымалася, што гэты надзел павінен быў каштаваць блізу 30 мільёнаў даляраў нават паводле кадастравых коштаў. А ў зямельным кодэксе Беларусі ёсць цікавы пункт - нельга прадаваць зямлю замежнаму інвестару на конкурсе або аўкцыёне ніжэй кадастравага кошту. Таму і была пастанова Лукашэнкі вылучыць гэты надзел без конкурсу. І гэта вельмі дзіўна, калі ў самым цэнтры сталіцы прадаюць зямлю як мінімум утрая танней. Так што тут нельга выключаць і карупцыйнага складніку», - мяркуе Чалы.

Экспэрт успамінае, што ў комплекс, які хацелі падбудаваць за грошы аманскіх інвестараў, уваходзіў і пяцізоркавы гатэль. Меркавалася, што яго паспеюць пабудаваць да хакейнага чэмпіянату свету 2014 года: «Потым стала зразумела, што да гэтага мерапрыемства не паспяваюць. А пасля асаблівы сэнс гэтай будоўлі наогул знік».

Эканаміст выказаў уласную версію здарэння: «Наколькі я разумею з гэтага свежага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, сума 10 мільёнаў даляраў, якую аманцы ўжо выплацілі за зямлю, не вяртаецца Дзяржаўнаму рэзэрвоваму фонду Амана. І таму цалкам магчыма, што з нашай стараны гэта была такая хітрая ўгода - прадаць надзел ніжэй кадастравага кошту. Інакш яго магчыма ніхто і не купіў бы. А тут вось праз такую нескладаную схему атрымалі грошы ні за што».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках