Ларын са сцэны падтрымала Бяляцкага
13- 6.04.2013, 12:44
Пераможца «Еўравізіі-2012» выказала салідарнасць з праваабаронцам падчас канцэрту ў Стакгольме.
Пераможца конкурсу «Еўравізія» Ларын у Стакгольме падчас канцэрту для ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі праваабаронцаў пераказала вітанне беларускаму палітвязню Алесю Бяляцкаму, з сям'ёй якога яна ў мінулым годзе сустракалася ў Менску, перадае «Радыё Свабода».
Пра гэта распавяла калега Алеся Бяляцкага з праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Равяка.
«Там быў канцэрт Ларын. Калі памятаеце, яна ўлетку прыязджала ў Беларусь і сустракалася з праваабаронцамі, з жонкай Алеся Наталляй Пінчук. І калі Ларын выступала, то яна таксама згадвала Алеся. Такім чынам, яна не забылася гэтую гісторыю, не забылася Алеся і са сцэны прывітала яго і ўсіх праваабаронцаў, якія воляй заплацілі за сваю дзейнасць», - распавяла яна
Канферэнцыю праваабаронцаў у Стакгольме арганізавала праваабарончая арганізацыя «Абаронцы грамадзянскіх правоў». У форуме бралі ўдзел прадстаўнікі больш як 20 краін свету. Праваабаронцы абмяркоўвалі, як можна дапамагчы сваім калегам. Са слоў Таццяны Равякі, падчас канферэнцыі шмат разоў згадвалі Беларусь і кіраўніка ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Нагадаем, у лістападзе 2011 года Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі нібыта за хаванне прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, на судзе ён казаў, што гэтыя грошы перадаваў на падтрымку пацярпелым ад рэжыму.