20 красавiка 2024, Субота, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Чаму Гітлера нельга называць Гітлерам?

40
Андрэй Саннікаў: Чаму Гітлера нельга называць Гітлерам?

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» апублікаваў палітычны памфлет.

Памфлет быў апублікаваны Андрэем Саннікавым у «Фэйсбуку».

Падаем яго тэкст цалкам:

З архіваў

У заходніх краінах нейкае дзіўнае стаўленне да суздром сакрэтных архіўных матэрыялах. Яны іх час ад часу рассакрэчваюць, адкрываюць доступ у святое святых. Законы ў іх такія. У Вялікабрытаніі давялося пакорпацца ў такіх спрэс сакрэтных калісьці архівах. Наткнуўся на вельмі цікавую стэнаграму сустрэчы хаўруснікаў у другой сусветнай вайне ў пытанні, якое датычыцца Беларусі, у той час БССР. Гаворка ішла пра тое, што на акупаванай тэрыторыі БССР у часе вайны, калі я слушна зразумеў, дзесьці ў 1942 годзе стаў з'яўляцца нелегальны друк: газэты, улёткі, пракламацыі.

Групы супраціўлення і партызанаў сутыкаліся з вялікімі цяжкасцямі: брак друкарскіх варштатаў, шрыфтавых кас, надзейных памяшканняў, паперы, друкарскай фарбы, транспарту для развозу прадукцыі і да т.п. Вось хаўруснікі і хтосьці з нэйтралаў і сабраліся, каб вызначыць, як дапамагчы. Нават на гэтай сакрэтнай нарадзе ўдзельнікі шыфраваліся, таму дакладна вызначыць іх краіны не выпадае. Яны іх ні разу не назвалі. Здагадацца можна, але я не вазьму на сябе смеласць ператварыць здагадку ў сцвярджэнне. Проста пастаўлю некалькі імёнаў пад адпаведныя рэплікі. Так, прыблізна... Узровень удзельнікаў, мяркуючы з усяго, быў невысокім, але ў іх былі ўсе паўнамоцтвы выступаць экспэртамі і прымаць пастановы за свае ўрады. А, можа, там і зусім не пра прэсу ішла гаворка...

У стэнаграме не фігуруюць звароты, усякія там «містэры», «таварышы», «мэсье» і «сіньёры», хоць апошнія не могуць фігураваць, бо належаць да супрацьлеглага лагеру. Удзельнікі звяртаюцца адзін да аднаго «гэй, ты». Неяк коле вуха, таму іхны канспірацыйнай зварот заменены на «сябры»: усё ж гісторыя пераможнай кааліцыі.

Такім чынам...

...1942, сядзіба Клаўса, які ніяк у размове не фігуруе

Джон: Сябры, да нас звярнуліся па дапамогу змагары з фашызмам з БССР. Просяць пільна ім дапамагчы. Для выдання нелегальнай прэсы ім трэба тое, што трэба для выдання нелегальнай прэсы.

Радэрык: Кансультанты?

Эрык: Сэмінары?

Іван: Мы ўжо ўсім, чым маглі, дапамаглі.

Джон: Ім патрэбныя канкрэтныя рэчы, вось спіс...

Эрык: А чаму такі доўгі? Навошта нам столькі выданняў?

Іван: Мы ім пастаўляем зброю, боепрыпасы, навучаем жаўнераў, думаем за іх, як лепш змагацца, што яшчэ...?

Джон: Але яны ж вам не чужыя і хочуць пазбавіцца ад акупантаў...

Іван: Я і кажу, што пастаўка зброі - яшчэ не ўсё. Што яшчэ?

Радэрык: Праблема ўвогуле ж дробная. У параўнанні з выдаткамі на ўзбраенні наогул ніякая. А прапаганда ў ваенны час - ох як патрэбная. Для ўпэўненасці ў перамозе, для ўзняцця баявога духу войскаў і мабілізацыі цывільнага насельніцтва. Я прапаную дапамагчы. Давайце паставімся да гэтага сур'ёзна і размяркуем выдаткі.

Джон: Трэба ўсталяваць нейкія крытэры.

Эрык: Я ж і кажу, іх занадта шмат. Няхай усе аб'яднаюцца і выдадуць агульную адну ўлётку.

Джон: Гэта можа быць небяспечна, так іх лягчэй будзе ўвабраць або кантраляваць. Могуць пацярпець людзі.

Эрык: Яны ж байцы, гэта іхная прафэсія - пакутаваць.

Радэрык: Мой урад падтрымлівае байцоў.

Эрык: І мой.

Джон: І мой.

Іван: А мой і пагатоў.

Эрык: Яшчэ яны павінны быць зарэгістраваныя.

Джон: Дзе, у гестапа?

Эрык: Усё адно, ёсць жа нейкі адміністрацыйны орган рэгістрацыі прэсы? Нам для справаздачнасці гэта спатрэбіцца.

Джон: Грошы ж невялікія, мы больш трацім на нашыя канфэрэнцыі.

Эрык: Якія канфэрэнцыі?

Радэрык: Ну там, Тэгеран запланаваны, зноў жа Ялта...

Іван: Сябры, Эрыку гэта ведаць зусім не абавязкова.

Эрык: Я так працаваць адмаўляюся, зноў ад мяне нешта хаваюць.

Джон: Сябры, не будзем сварыцца. Вернемся да нашага пытання. Я бачу тут толькі станоўчыя бакі. Дапамога невялікая, затое мы зможам паведаміць кіраўніцтву, што адкрылі інфармацыйны фронт барацьбы з фашызмам у БССР.

Іван: Гэта вы добра сказалі, сябра Джон, пра кіраўніцтва.

Радэрык: Справа, сапраўды, патрэбная.

Эрык: Мы дапаможам, але прэса павінна быць аб'ектыўнай. Нічога страшнага, калі ў нелегальных газетах будуць пісаць пра тое, што ў фашыстаў добрая зброя, што яны лепш навучаныя, што яны не цураюцца прыгожага. Эзра Паўнд, фон Караян, Кнут Гамсун - не апошнія людзі. Ды і газавыя камеры - нядрэннае вынаходства...

Джон: А мы не перабіраем?

Радэрык: Друкаванае слова павінна несці аб'ектыўныя веды, і людзі павінны ведаць пра фашыстаў, можа, нават больш, чым пра тых, хто з імі змагаецца.

Іван: Нечаканая думка.

Эрык: Але слушная. Нам жа потым з гэтымі фашыстамі жыць, незалежна ад таго, хто пераможа.

Джон: Як гэта, усё адно, хто пераможа? Мы ж павінны рабіць усё, каб мы перамаглі.

Эрык: А калі саступім? Увогуле, трэба быць асцярожнейшым з нелегальнай прэсай. Дарэчы, можна ў Анры хлопцаў-рэдактараў пазычыць. Там прафэсіяналы.

Джон: У якога Анры?

Эрык: У Пэтэна.

Джон: У Пэтэна???!!!

Радэрык: А неблагая думка, там сапраўды прафэсіяналы.

Джон: Вызначым сумы дапамогі. Я прапаную вось такую лічбу (мабыць, напісаў лічбу на паперы і не стаў яе агучваць).

Радэрык: З кожнага?

Іван: Усё ім?

Эрык: У месяц?

Джон: Гэта на год, мінус выдаткі на нашых кансультантаў, на хлопчыкаў і дзяўчатак Пэтэна, на Тэгеран і Ялту.

Іван: Мы падтрымаем, толькі мы сваю дзель ужо ўнеслі зброяй.

Джон: Размова ж ідзе пра ўлёткі, а не пра зброю. Мы таксама зброяй дапамагалі і яшчэ лэндлізам.

Іван: Ведаем мы вашыя лэндлізы. Усё напавер, а аддаваць як? У кабалу цягнеце савецкі народ? Не патрэбная нам вашая нелегальная ўлётка.

Радэрык: Не злуйся, сябра. Дарэчы, трэба не толькі супраціву дапамагчы, трэба і таленавітых журналістаў з акупацыйных газэт падтрымаць.

Эрык: Супольныя сэмінары можна праводзіць з нелегальнай прэсай і акупацыйнай. А што, хай падвышаюць свой прафэсіяналізм і сумленна канкуруюць...

Джон: Думаю, у агульных рысах дамовіліся

Эрык: І яшчэ, трэба парэкамендаваць ім не называць Гітлера Гітлерам.

Джон: ....Дык ён жа і ёсць Гітлер, як жа яго называць?

Эрык: Напрыклад, кіраўніком дзяржавы, вялікім военачальнікам, не нам журналістаў вучыць.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках