20 красавiка 2024, Субота, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа аб штурме Віленскай тэлевежы: 20 замежнікаў сталі падазраванымі

20
Справа аб штурме Віленскай тэлевежы: 20 замежнікаў сталі падазраванымі

Віленскі акруговы суд задаволіў прашэнне Генпракуратуры Літвы прызнаць падазраванымі па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні 20 замежных грамадзян.

Прадстаўнік суда па сувязях з грамадскасцю Айрын Шэрэлітэ паведаміла BNS, што пастанова па звароце пракуратуры будзе прынятая ў пятніцу, піша ru.delfi.lt.

«Прашэнне пракуратуры было задаволенае», - сказала BNS Шэрэлітэ.

Пракуратура звярнулася ў суд 7 траўня. Атрымаўшы зварот, суд запытаў у пракуратуры дадатковыя матэрыялы.

Генпракуратура сцвярджае, што расследаванне праводзіцца ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці і ваеннымі злачынствамі.

Пракуроры дамагаюцца прыцягнення да адказнасці кіраўнікоў кампартыі, абароннага ведамства, МУС, прадстаўнікоў КДБ, афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў захопе Дома друку, віленскай тэлевежы, Літоўскага радыё і ТБ, гаварылася ў паведамленні пракуратуры.

За інкрымінуемыя справы ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад некалькіх гадоў да пажыццёвага.

«Варта нагадаць, што прыкметны штуршок расследаванню гэтай справы далі папраўкі да Крымінальнага кодэксу і Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу, якія палегчылі прымяненне крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Гэтыя папраўкі прадугледжваюць магчымасць скончыць дасудовае расследаванне без удзелу падазраванага ў працэсе», - адзначыла пракуратура ў паведамленні ад 7 траўня.

Ноччу 13 студзеня 1991 года пры штурме савецкімі ваеннымі падраздзяленнямі Віленскай тэлевежы і будынку Тэлерадыёкамітэта загінулі 14 чалавек. 31 ліпеня таго ж года на мытным пасту Медзінінкай былі забітыя сямёра супрацоўнікаў паліцыі і мытні, якія ахоўвалі мяжу тады яшчэ не прызнанай Савецкім Саюзам Літоўскай дзяржавы.

У справе аб падзеях 13 студзеня суд у жніўні 1999 года вынес прысуд - за стварэнне антыдзяржаўных арганізацый і заклікі да гвалтоўнага парушэння суверэнітэту Літвы былі асуджаныя Міколас Буракявічус, Юозас Ярмалавічус, Юозас Куаляліс. За першае злачынства таксама асуджаныя Ляонас Барташавічус і Станіслаў Міцкевіч.

Путчысты абскардзілі прысуд у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу, аднак суд скаргі адхіліў.

Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, які з'яўляецца абвінавачаным па справе аб антыдзяржаўным перавароце 13 студзеня 1991 года. Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ў беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 года ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках