9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі Плошчы

7
Людзі Плошчы

У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча пра палітвязняў «Жыццё пасля турмы».

Кніга складаецца з 27 нарысаў і гутарак з удзельнікамі трагічных падзей 19 снежня 2010 года, якія пасля разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў трапілі за краты, а таксама з іх роднымі і блізкімі. «Жыццё пасля турмы» - гэта працяг зборніка «Супраць плыні», які быў выдадзены ў 2012 годзе. У новай кнізе распавядаецца пра тое, як жывуць былыя палітвязні праз два гады пасля Плошчы. На мерапрыемстве, якое адбылося ў Беларускім доме ў Варшаве, выступіў аўтар кнігі - журналіст Аляксандр Тамковіч, а таксама былыя палітвязні Наталля Радзіна, Зміцер Бандарэнка, Зміцер Дрозд, Уладзімір Кобец, Аляксандр Атрошчанкаў і Алесь Міхалевіч.

На пачатку мерапрыемства аўтар кнігі распавёў гісторыю яе стварэння.

«Жыццё пасля турмы» - працяг кнігі «Супраць плыні». У ёй апісаныя гісторыі практычна тых жа людзей, толькі праз два гады пасля Плошчы. Тую кнігу мы задумалі яшчэ з Алесем Бяляцкім. Першыя нарысы мы зрабілі, калі ён яшчэ быў на волі. На жаль, потым давялося дапісваць яе без яго з-за арышту. Другая кніга таксама пісалася без Бяляцкага», - сказаў Аляксандр Тамковіч.

«Жыццё пасля турмы» праілюстравана ўнікальнымі фотаздымкамі з сямейных альбомаў былых палітвязняў. Усе здымкі, а іх, па словах аўтара больш за 200, былі прадэманстраваныя падчас прэзентацыі.

Галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што гэтая кніга вельмі важная для сённяшняй Беларусі.

«На самой справе, тое, што вы робіце, вельмі важна сёння ў Беларусі. На жаль, тэма палітвязняў адыходзіць на задні план. Прайшло ўжо два з паловай гады, людзі застаюцца за кратамі, іншыя яшчэ не адышлі ад турмы. І калі мы не будзем нагадваць жыхарам Беларусі, апазіцыі, праваабаронцам і людзям на Захадзе пра тое, што ў нашай краіне ў турмах знаходзяцца палітвязні, пра неабходнасць іх вызвалення, то ўсё так і застанецца. Што тычыцца кнігі, то, на мой погляд, «Жыццё пасля турмы» - вельмі добрая назва. Неабходна пісаць пра тое, што з намі адбываецца пасля вызвалення, таму што ва ўсіх нас жыццё моцна змянілася. У першыя хвіліны пасля таго, як я выйшла з турмы, гэта было для мяне шчасцем. Шчасцем ад таго, што ты на волі. Але калі прайшоў дзень, два, месяц, я зразумела, што выйшла з маленькай турмы ў вялікую. Таму мы павінны змагацца і далей. Шмат хто з нас вымушаныя зараз знаходзіцца ў эміграцыі, але мэта ў нас адна - каб краіна стала свабоднай», - заявіла Наталля Радзіна.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка падкрэсліў, што «Жыццё пасля турмы» - унікальны зборнік гісторый беларусаў.

«Калі я ляжаў у шпіталі, жонка перадала мне некалькі часопісаў, у тым ліку «Караван историй». У ім былі апавяданні пра расейскіх музыкаў, спевакоў. І напісаныя яны былі з любоўю, з павагай. На самай справе, ёсць шмат гісторый пра розных герояў, пра вядомых людзей з розных краін. У Беларусі такога няма. Не пішуць такіх гісторый, не здымаюць фільмы. На дзяржаўным узроўні не паведамляецца ні пра каго, акрамя аднаго чалавека. Тое, што пра беларусаў не пішуць нічога добрага, што нічога не застаецца для нашчадкаў - гэта яшчэ адно злачынства рэжыму.

Калі я прачытаў першыя кнігі Аляксандра Тамковіча, то падумаў, што гэта і ёсць наш «караван гісторый». Ён піша пазітыўна пра кожнага - пра Бандарэнку, пра Дзмітрыева, пра Някляева - пра ўсіх. Гісторыкі потым разбяруцца, жыццё разбярэцца, чытач таксама разбярэцца. Я лічу, што гэта першы канцэнтраваны пазітыўны праект пра Беларусь і пра беларусаў. Вось за гэта я хацеў бы падзякаваць Аляксандра Тамковіча», - адзначыў Зміцер Бандарэнка.

Начальнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец выказаў надзею, што наступная кніга Аляксандра Тамковіча выйдзе ў Менску.

«Калі прагартаць кнігу, то можна ўбачыць, што сёння шмат людзей, якімі ганарыцца Беларусь, вымушаныя знаходзіцца за мяжой. Пра вашу кнігу, Саша, не раскажа «Советская Белоруссия» або Беларускае тэлебачанне. Але ў нас ёсць інфармацыйныя рэсурсы, напрыклад, «Хартыя'97», дзякуючы якім беларусы змогуць пабачыць твары людзей, пра якіх вы пішыце. Я вельмі спадзяюся, што наступная кніга пад рэдакцыяй Аляксандра Тамковіча выйдзе ўжо ў Менску, і на яе прэзентацыі будуць прысутнічаць усе мы», - заявіў Уладзімір Кобец.

Былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч адзначыў, што Лукашэнка імкнецца да таго, каб у Беларусі не былі вядомыя імёны яго апанентаў.

«Што робіць Лукашэнка? Ён робіць усё, каб у Беларусі не было імёнаў, каб у Беларусі не было вядомых людзей. Калі камусьці раптам нешта дазваляецца, то дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі чалавек ніяк не можа патэнцыйна перашкодзіць Лукашэнку. Як у выпадку з Міхаілам Фінбергам. Яму дазволена крыху больш, чым іншым: можна на аўтобусе напісаць «Аркестр Міхаіла Фінберга», усё роўна ён не з'яўляецца патэнцыйным канкурэнтам. Што тычыцца астатніх, то нібыта нікога няма. Не дай Бог чалавек зможа патэнцыйна скласці канкурэнцыю на прэзідэнцкіх выбарах: тады гэтага чалавека не існуе. Імёнаў няма.

Што робіць Аляксандр Тамковіч і за што мы павінны яго дзякаваць? За тое, што ён агучвае гэтыя імёны, за тое, што народ ведае сваіх герояў. Героем з'яўляецца і сам Тамковіч, дзякуючы якому мы з'яўляемся ў публічнай сферы», - адзначыў Алесь Міхалевіч.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Атрошчанкаў адзначыў, што аўтар «Жыцця пасля турмы» сёння з'яўляецца біёграфам удзельнікаў беларускага супраціву.

«Ці ведаеце вы, хто на самай справе адкрыў Амерыку? Многія думаюць, што Хрыстафор Калумб, хоць яна называецца, не Калумбія, а Амерыка - у гонар Амерыга Веспучы. Праблема ў тым, што ў Калумба быў біёграф, а ў Амерыга Веспучы - не было. Цяпер у нас, на шчасце, таксама ёсць біёграф», - сказаў былы палітвязень.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Дрозд адзначыў, што кніга Аляксандра Тамковіча аб'ядноўвае ўсю апазіцыю.

«Адразу хочацца адзначыць, што гэтая кніга, «амерыканка» і СІЗА - адзіныя месцы, дзе апазіцыя сабраная разам. У «Жыцці пасля турмы» прадстаўлена мноства фатаграфій з прыгожымі светлымі тварамі. Кніга мае таксама адукацыйны кірунак, таму што пасля нас прыйдуць іншыя людзі, прыйдзе моладзь. Будзе іншая Плошча», - падкрэсліў Зміцер Дрозд.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках