Мясніковіч і Мядзведзеў абмяркуюць продаж беларускіх прадпрыемстваў
16- 21.05.2013, 9:59
Старшыня ўрада Расейскай Федэрацыі сёння правядзе перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі.
«Дзмітрый Мядзведзеў і Міхаіл Мясніковіч абмяркуюць актуальныя пытанні расейска-беларускага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, энергетычнай і іншых галінах», - гаварылася ў паведамленні прэс-службы ўрада Расеі.
У сваю чаргу прэс-служба беларускага ўрада паведаміла, што Мясніковіч зробіць рабочы візіт у Маскву і, як чакаецца, сустрэнецца з Мядзведзевым, перадае «Інтэрфакс».
«Прэм'ер-міністры разгледзяць ўвесь комплекс беларуска-расейскіх адносін, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, праекты прамысловай кааперацыі», - заявіла ў панядзелак прэс-сакратар кіраўніка ўрада Беларусі Вольга Доўгая.
Як паведаміў у мінулую суботу першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка, беларускі і расейскі бакі актыўна працуюць над рэалізацыяй пяці інтэграцыйных праектаў.
«Што тычыцца «Інтэграла», «Гродна Азот», «Пеленг» - усё рухаецца, створаныя рабочыя групы. Па МАЗе-КамАЗе мы дамаўляемся, па МЗКЦ ёсць розныя варыянты», - сказаў Сямашка журналістам.
Ён нагадаў, што ў канцы 2012 года Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб рэалізацыі інтэграцыйных праектаў у рамках «саюзнай дзяржавы». Першапачаткова абмяркоўвалася 8-9 праектаў, пазней - пералік быў скарочаны да пяці.
«Момант ісціны - гэта стварэнне холдынгавых структур. Магчыма, продаж пакета акцый - кантрольнага або блок-пакета, гэта яшчэ не вырашана», - сказаў Сямашка.