Расейцаў будуць саджаць за «абразу пачуццяў вернікаў»
78- 21.05.2013, 18:11
Дзярждума Расеі прыняла ў другім чытанні закон аб абароне пачуццяў вернікаў.
У тэкст законапраекта да другога чытання ўнеслі шэраг істотных зменаў. У прыватнасці, максімальны тэрмін пазбаўлення волі за публічную абразу пачуццяў вернікаў скараціўся з пяці да трох гадоў. Іншыя санкцыі за парушэнне закона ўключаюць папраўчыя працы або штраф у суме да 500 тысяч рублёў, піша Lenta.ru.
У канчатковым чытанні закон могуць прыняць ужо да канца гэтага тыдня. Дакладная дата трэцяга чытання пакуль не прызначаная.
Першапачаткова дэпутаты планавалі ўвесці ў крымінальны кодэкс асобны артыкул, які прадугледжвае пакаранне за абразу пачуццяў вернікаў. Аднак на стадыі дапрацоўкі законапраекта пасля першага чытання пастанавілі адмовіцца ад гэтай ідэі, бо новы артыкул часткова дублюе становішча ўжо існага ў крымінальным заканадаўстве артыкула 148 («Перашкода праву на свабоду сумлення і веравызнанняў»).
У выніку дэпутаты пастанавілі да другога чытання скарэктаваць законапраект і ўнесці змены ва ўжо наяўны артыкул замест увядзення новага. Цяпер у выпадку прыняцця законапраекта ў Расеі з'явіцца крымінальная адказнасць за «публічныя дзеянні, якія выказваюць відавочную непавагу да грамадства і здзейсненыя ў мэтах абразы рэлігійных пачуццяў вернікаў». За такое парушэнне закона прадугледжанае пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года. Калі ж такія дзеянні здзейсненыя ў месцах для правядзення рэлігійных абрадаў, вінаватым пагражае да трох гадоў калоніі.
Законапраект аб абароне пачуццяў вернікаў унеслі ў Дзярждуму ў верасні 2012 года, неўзабаве пасля вынясення прысуду ў справе аб «панк-набажэнстве» групы Pussy Riot у храме Хрыста Збавіцеля. Тады трое з пяці ўдзельніц акцыі атрымалі па два гады калоніі паводле крымінальнага артыкула «хуліганства». Абвінавачаныя і іх адвакаты заяўлялі аб нязгодзе з такой кваліфікацыяй справы. На іх думку, акцыя мела толькі прыкметы абразы пачуццяў вернікаў, што не з'яўляецца злачынствам, а адміністрацыйным правапарушэннем. У сувязі з гэтым прысуд паводле справы асуджаныя ўважаюць за незаконны.