ААЦ атрымае кантроль над транскантынентальнай магістраллю сувязі
11- 21.05.2013, 20:33
У Беларусі рэалізаваны праект для стварэння адцінку транскантынентальнай магістралі сувязі.
Пра гэта паведамілі БелТА прадстаўнікі Аперацыйна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі, якія ўдзельнічаюць у XVIII навукова-практычнай канферэнцыі «Комплексная абарона інфармацыі-2013», што адбываецца ў Берасці.
Транскантынентальная магістраль, якая праходзіць праз Беларусь, павінна злучыць Маскву і Франкфурт. Валодаць магістральнай лініяй сувязі будуць на парытэтнай аснове беларуская і расейская старана. СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» атрымаюць магчымасць пропуску замежнага інтэрнэт-трафіку праз Беларусь. Праект павінен прынесці краіне дадатковы даход ад транзіту трафіку. Пакуль асноўны інтэрнэт-трафік з Кітая і Расеі ідзе ў Еўропу праз Скандынавію морам.
Мяркуецца, што прапускная здольнасць транзітнай магістральнай сувязі складзе 8 Тбіт/с. Гэта больш чым у 20 разоў перавышае ёмістасць замежнага інтэрнэт-шлюза Беларусі.
СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beСloud) створаныя для рэалізацыі буйнога праекта ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. З беларускага боку заснавальнікам арганізацыі выступае падкантрольнае ААЦ РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» (51% статутнага фонду), з расейскага - бізнэсовец Канстанцін Нікалаеў. Ён з'яўляецца суўладальнікам некалькіх транспартных кампаній, акцый, якія каціруюцца на Лонданскай фондавай біржы.