Арцёму Пракапенку дазволілі доўгатэрміновае спатканне
8- 22.05.2013, 18:05
Палітвязень Пракапенка, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, атрымаў дазвол на доўгатэрміновае спатканне з роднымі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў ягоны бацька Анатоль Пракапенка.
«Збіраемся на спатканне, якое будзе ў пачатку чэрвеня. Гэта будзе сустрэча на адзін дзень. Адзінае, што невядома, ці дазволяць яму перадаць ежу і рэчы, бо яго пазбавілі перадач», - адзначыў бацька палітычнага вязня.
Ён дадаў, што ў сына ёсць праблемы са здароўем, але яны нязначныя.
«Наогул Арцём тэлефануе, кажа, што ўсё нармальна, што займаецца спортам і трымаецца бадзёра. Больш падрабязна я змагу расказаць пасля сустрэчы, а пакуль усё неяк па-старому», - сказаў Анатоль Пракапенка.
У сакавіку Арцём Пракапенка нібыта за парушэнне рэжыму адбыў пяць дзён у карцэры,, дзе адмаўляўся ад ежы. На палітвязня ціснулі, каб ён падпісаў прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў зняволення нібыта за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзела КДБ. 27 верасня мiнулага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, пасля таго, як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.