У Бельгіі пратэставалі супраць забароны бел-чырвона-белых сцягоў
7- 23.05.2013, 11:43
Учора насупраць шведскага консульства ў Брусэлі адбыўся пікет, арганізаваны мясцовымі беларусамі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў старшыня «Беларуска-еўрапейскага задзіночання», сябра Рады БНР Зміцер Піменаў.
«Як толькі паліцыя Брусэля дала дазвол на правядзенне пікету, мы адправіліся да шведскага консульства. Мы трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, плакат з надпісам на англійскай мове «Дэмакратыя не там, дзе гуляюць у хакей, а там, дзе паважаюць свабоду», а таксама плакат са шведскім сцягам, перакрэсленым дзвюма чырвона-зялёнымі клюшкамі. Падыходзілі журналісты і проста мінакі, якія былі вельмі зацікаўленыя і згодныя з нашым пратэстам. Зусім недалёка знаходзіцца будынак Еўрапарламента, таму падыходзілі і палітыкі, якія на розных мовах жадалі поспехаў і выказвалі словы падтрымкі і салідарнасці», - адзначыў актывіст.
Ён дадаў, што праз пяць хвілін пасля пачатку мерапрыемства з будынка выйшлі некалькі супрацоўнікаў, якія з разуменнем паставіліся да акцыі.
«Яны заяўлялі, што сітуацыю з забаронай сцягоў справакавала Міжнародная федэрацыя хакея, а шведская паліцыя праявіла палітычную непісьменнасць. У той жа час яны паведамілі, што Швецыя ставіцца да гэтага факту вельмі негатыўна, а ўлады ведаюць пра тое, што бел-чырвона-белы сцяг з'яўляецца гістарычным і можа выкарыстоўвацца на спартыўных мерапрыемствах. Пасля нас запрасілі да галоўнага консула Лілі Хук, якая таксама выказала словы падтрымкі і адзначыла, што дадзеная тэматыка ў Швецыі не зачыненая і ўвесь час гучыць у шведскіх СМІ», - падсумаваў Зміцер Піменаў.

Нагадаем, 5 траўня на матчы Беларусь-Славенія, які праходзіў у Швецыі ў рамках Чэмпіянату свету па хакеі, за спробу развярнуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг беларускім заўзятарам мясцовыя паліцэйскія выкруцілі рукі і вывелі з арэны.
Таксама адзначым, што пасля шматлікіх пратэстаў беларускіх і шведскіх актывістаў, праваабаронцаў і палітычных дзеячаў, Міжнародная федэрацыя хакея пайшла на кампраміс. Заўзятарам дазволілі праносіць бел-чырвона-белыя сцягі на трыбуны, але забаранілі імі размахваць.