Жадобін хоча пагаварыць з Шайгу «без гальштукаў»
6- 23.05.2013, 12:28
Міністр абароны Расеі паабяцаў прыляцець у Менск 4 чэрвеня.
Сустрэчы з міністрамі абароны краін СНД на палях Міжнароднай канферэнцыі па еўрабяспецы, якая праходзіць у Маскве, будуць вельмі карысныя, заявіў кіраўнік расейскага абароннага ведамства генерал арміі Сяргей Шайгу, адкрываючы ў чацвер перамовы са сваім беларускім калегам генерал-лейтэнантам Юрыем Жадобіным.
«Нашы адносіны развіваюцца дынамічна без якіх-небудзь цяжкасцяў», - падкрэсліў Шайгу.
Жадобін запрасіў расейскага міністра прыляцець 4 чэрвеня ў Менск «на сустрэчу без гальштукаў». На гэта запрашэнне Шайгу адказаў спачатку жартам: «Калі б не ў Менск, а ў Белавежскую пушчу, прыляцеў бы і 3-га чысла».
Перайшоўшы на сур'ёзны тон, ён сказаў: «Мы пастараемся гэта зрабіць, каб у нас была магчымасць паразмаўляць».
Звяртаючыся да беларускага міністра, Шайгу падкрэсліў: «Вы тут не госць, а вялікі сябар».
Апошні раз кіраўнік Мінабароны Расеі наведаў Беларусь роўна месяц таму.
«Мы прыступаем да разгляду плана па стварэнні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-знішчальнікамі, спадзяемся, што ў 2015 годзе тут з'явіцца авіяцыйны полк. У 2013 годзе мы створым авіяцыйную камендатуру тут і паставім першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў», - сказаў ён падчас мінулага візіту.
Сяргей Шайгу таксама заявіў тады, што на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрства абароны Расеі і Беларусі ў Менску будзе разгледжаны вялікі комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. У прыватнасці, Масква плануе паставіць Менску ў 2013 годзе яшчэ чатыры дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300.