На канцэрце N.R.M. у «Гудвіне» забаранілі відэаздымку
10- 23.05.2013, 15:55
Памочнік кіраўніка менскага клуба «Гудвін» адмовілася пракаментаваць забарону журналістам весці відэаздымку на канцэрце NRM, які адбудзецца ўвечары 23 траўня.
Інцыдэнт узнік пасля таго, як журналістам незалежнага тэлеканала «Белсат» адмовілі ў акрэдытацыі на мерапрыемства. Па словах арганізатара канцэрту прадзюсара Паўла Кашырына, прычынай адмовы тэлежурналістам у акрэдытацыі стала «рашэнне ўладальніка прыватнага клуба «Гудвін», які забараніў любую відэаздымку мерапрыемства, перадае БелаПАН.
Журналісты «Белсата» ў каментары прэс-службе БАЖ адзначылі: «Для праграмы «Агляд культурных мерапрыемстваў» нас акрэдытоўвывалі нават дзяржаўныя ўстановы. А тут, так бы мовіць, «свае» інтэлігентна паслалі, матывуючы адмову ў акрэдытацыі пагрозай страціць адзіную пляцоўку, дзе можна рабіць такога роду канцэрты. Ганьба! Пакуль музыкі і арганізатары канцэртаў будуць ствараць чорныя спісы з журналістаў, самі ж у падобныя сітуацыі будуць трапляць».
Дадзены інцыдэнт не першы: год назад журналістам «Белсата» ўжо было адмоўлена ў акрэдытацыі на канцэрт саліста гурта Neuro Dubel Аляксандра Кулінковіча ў тым жа клубе «Гудвін». Тады Павел Кашырын патлумачыў нежаданне бачыць здымачную групу тэлеканала закрытым фарматам мерапрыемства. Нагадаем, Кулінковіч нядаўна стаў калумністам «Советской Белоруссии».