Беларусы ў Германіі: за дыпломам, за грашыма, за новым жыццём
39- 24.05.2013, 9:24
У 2012 годзе ў Германію пераехалі больш за паўтары тысячы беларусаў.
Якія ж прычыны, па якіх жыхары постсавецкіх рэспублік імкнуцца ўладкавацца ў ФРГ?
У спісе дзяржаў Заходняй Еўропы, прыцягальных для мігрантаў, Германія займае адно з першых месцаў, перадае Deutsche Welle. Кожны год краіна прымае сотні тысяч чалавек. Паводле дадзеных Федэральнага статыстычнага ведамства ў Вісбадэне, у 2012 годзе колькасць мігрантаў у Германію перавысіла мільён - гэта рэкордны паказчык з 1995 года. З Расеі ў ФРГ прыбыло 20 714 мігрантаў, з Украіны - 7774, з Казахстана - 2545, з Беларусі - 1653 чалавекі.
Імігрантаў падпадзяляюць на часовых і сталых. Да першых адносяцца людзі, якія прыехалі ў краіну на вучобу або працу, уцекачы з крызісных зон, а таксама тыя, каму было адмоўлена ў палітычным прытулку. Сталыя імігранты - гэта немцы-познія перасяленцы з краін постсавецкай прасторы і Усходняй Еўропы; мігранты-яўрэі з гэтага ж рэгіёну, якіх у ФРГ прымаюць па спецыяльнай праграме; людзі, якія атрымалі прытулак па палітычных ці іншых матывах, а таксама тыя, хто прыязджае ў ФРГ , каб уз'яднацца з сям'ёй.
Па словах эксперта Інстытута даследавання краін Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы Барбары Дзіц (Barbara Dietz), сярод жыхароў Расеі, якія заехалі ў ФРГ у 2012 годзе, пад катэгорыю пастаянных мігрантаў трапляюць больш за чатыры тысячы чалавек.
«Амаль тры тысячы з іх - этнічныя немцы, каля тысячы - мігранты-яўрэі, а таксама невялікая група чачэнцаў, якія атрымалі ў ФРГ палітычны прытулак», - распавяла Барбара Дзіц у размове з DW.
У якасці часовых мігрантаў у Германію нярэдка прыязджаюць і грамадзяне Беларусі, адзначыла эксперт.
«Нягледзячы на тое, што гэтая краіна лічыцца больш-менш закрытай для выезду, у тых, хто не займаецца палітычнай дзейнасцю, магчымасць эміграваць усё ж засталася», - кажа Дзіц.
Паводле яе слоў, у Германіі беларускія спецыялісты часта працуюць у сферы камп'ютэрных тэхналогій і, адпаведна, нядрэнна зарабляюць.
Высокая кваліфікацыя імігрантаў
Вельмі часта з постсавецкіх рэспублік у Германію прыязджаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, кажа Херберт Брюкер (Herbert Brücker) з Інстытута па вывучэнні рынку працы і прафесій.
«Гэтыя людзі часцей, чым нямецкія спецыялісты падобнага ўзроўню, маюць вышэйшую адукацыю, аднак яна не заўсёды адпавядае нямецкім стандартам», - падкрэсліў эксперт. Паводле яго слоў, гэты факт тлумачыцца, перш за ўсё, рознымі асаблівасцямі сістэм адукацыі ў Германіі і СНД.
Аб высокай кваліфікацыі перасяленцаў з краінаў былога СССР кажа і Барбара Дзіц. Аднак для таго, каб атрымаць від на жыхарства ў Германіі, адной толькі добрай адукацыі недастаткова. Неабходна падаць дамову на працу са штогадовым прыбыткам не менш за 40-50 тысяч еўра ў год у залежнасці ад прафесіі.
Розныя прычыны вяртання дадому
Як доўга часовыя мігранты застаюцца ў Германіі? У справаздачы Федэральнага статыстычнага ведамства гэтай інфармацыі няма. На думку Херберта Брюкера, іміграцыя сёння носіць, хутчэй, часовы характар. «Людзі нейкі час жывуць у Германіі, а затым або вяртаюцца дадому, або пераязджаюць у іншыя краіны», - распавядае ён.
Пра прычыны вяртання на радзіму статыстыка таксама замоўчвае. Але, на думку экспертаў, на гэтае рашэнне ўплываюць розныя прычыны. «У некаторых сканчаецца тэрмін дзеяння працоўнай дамовы, таму яны вымушаныя пакінуць ФРГ, - тлумачыць Барбара Дзіц. - З'яжджаюць і студэнты, якія пасля вучобы ў Германіі знайшлі выдатную працу ў сябе на радзіме».