Алег Волчак: Гучныя словы замест справы
6- 24.05.2013, 11:30
Рэальная барацьба з карупцыяй далей размоваў не пойдзе.
Такім чынам былы следчы пракуратуры Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org патрабаванне Лукашэнкі да сілавікоў узмацніць барацьбу з эканамічнымі злачынствамі.
«Эканамічнае становішча краіны прымушае «змагацца» з карупцыяй, бо ў дзяржавы не хапае сродкаў на ўтрыманне вялікага апарата чыноўнікаў. Адсутнасць грошай - адсутнасць улады. У краіне столькі праваахоўных органаў па барацьбе з карупцыяй: МУС, КДБ, пракуратура, Следчы камітэт, КДК, Савет бяспекі, але чамусьці за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі, яны так і не змаглі справіцца з гэтым злом. Усё гэта кажа пра тое, што ва ўладзе няма стратэгіі і разумення, паколькі яна сама дапусціла на вышэйшыя пасады ганебных і непрыстойных людзей. МУС не можа змагацца з карупцыяй, таму што ў ім не засталося прафесіяналаў», - падкрэсліў праваабаронца.
Ён дадаў, што другая праблема заключаецца ў поўнай залежнасці райаддзелаў міліцыі ад адміністрацыі мясцовай улады.
«Напрыклад, ці можаце вы сабе ўявіць, што оперупаўнаважаны або участковы інспектар, які, як сказаў Лукашэнка, ведае ўсё пра карупцыянераў, завядзе аператыўную справу па фактах карупцыі ў дачыненні да высокапастаўленых асоб адміністрацыі раёна? Вядома, не. У выступленні я не пачуў пра арганізаваную карупцыю сярод чыноўнікаў і баюся, што гэты ўдар будзе нанесены па прадпрымальніку, які яшчэ неяк трымае свой бізнес і дае рабочым месцы», - лічыць юрыст.
Ён адзначыў, што МУС, Пракуратура, КДК атрымалі прамую каманду знайсці і асудзіць эканамічнага парушальніка, які нібыта хавае свае даходы ад фіскальных службаў.
«Гаспадарчае заканадаўства багата на розныя нарматыўныя акты, распараджэнні, інструкцыі, што прадстаўнікі праваахоўных і падатковых органаў могуць у любы момант знайсці недакладнасці ў фінансавых дакументах прадпрымальніка. Я ўпэўнены, што рэальная барацьба з карупцыяй далей размоў не пойдзе. Праз некаторы час мы пачуем, як сілавікі будуць рапартаваць аб тым, як паспяхова правялі чыстку «карупцыянераў» і прадпрымальнікаў, якія схавалі свае даходы. Але ў рэчаіснасці бюджэтныя грошы як адмываліся, так і будуць адмывацца праз шэрыя схемы дзяржструктур і іх бізнес групы», - падсумаваў Алег Волчак.
Нагадаем, учора, прымаючы з дакладам дзяржсакратара Савета бяспекі Леаніда Мальцава, Лукашэнка раскрытыкаваў недастатковую, на яго думку, працу сілавікоў у гэтым кірунку.
Беларускі дыктатар запатрабаваў ад сілавікоў зрабіць больш жорсткай барацьбу з «эканамічнымі злачынствамі».
Фота: bymedia.net