9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пентхаўс дачкі Пуціна шукалі ў Галандыі

16
Пентхаўс дачкі Пуціна шукалі ў Галандыі

Ніхто нічога не бачыў, але ўсе ўсё ведаюць.

Галандская газета Leidsch Dagblad, расследаванне якой аб пражыванні дачкі Уладзіміра Пуціна ў невялікім мястэчку Варсхотэн на захадзе краіны, перадрукавалі ўсе найбуйнейшыя СМІ Старога Свету, ужо не рада, што праславілася, расказвае «Собеседник», які гутарыў з нідэрландскімі калегамі.

Нагадаем, напярэдадні візіту расейскага прэзідэнта ў Нідэрланды ў пачатку красавіка галандскія газеты паведамілі, што ў перапынках паміж перамовамі ён можа заехаць у Варсхотэн - наведаць сваю старэйшую дачку Марыю, якая, па дадзеных мясцовай прэсы, пражывае там са сваім бойфрэндам Ёрытам Фаасенам у пентхаўсе ў шматпавярховым доме. Хоць афіцыйнага пацверджання гэтая інфармацыя, натуральна, не атрымала, жыхары дома распавялі газеце Leidsch Dagblad, што раней ужо бачылі тут Пуціна - ён нібыта рабіў пакупкі ў краме сеткі Albert Heijn у суправаджэнні шматлікай аховы, піша NEWSru.com.

«Мы сто разоў пашкадавалі, што напісалі пра Пуціна і яго дачку! Калі ласка, не пытайцеся ў нас ні пра што!» - папрасілі расейскіх калегаў у рэдакцыі Leidsch Dagblad і адмовіліся паведамляць імя аўтара скандальнага матэрыялу. Пры гэтым у галандскім выданні запэўнілі, што паведамленая імі інфармацыя - чыстая праўда, і ў пацверджанне паабяцалі паказаць расейскаму карэспандэнту «той самы» дом.

Ён знаходзіцца ў цэнтры Варсхотэна, у раёне Крым. Дабрацца туды з Амстэрдама вельмі проста, электрычкі ходзяць кожныя 15 хвілін. Ехаць туды - 45 хвілін па адной з самых маляўнічых дарог у свеце - яна ўся ў цюльпанавых палях, распавядае аўтар «Собеседника» Алена Зотава, якая прыняла запрашэнне калегаў.

Станцыя «Варсхотэн Цэнтральны» - гэта вузкая платформа з таблічкай, аўтаматам па продажы квіткоў, урнай і лавачкай. Знаходзіцца пасярод вялізнага лугу. Авечкі і козкі падыходзяць прама да чыгуначных шляхоў у надзеі на пачастунак ад рэдкіх пасажыраў.

Ніхто не бачыў, але ўсе чулі

Вулачкі самога Варсхотэна забудаваныя двухпавярховымі домікамі. За сімвалічнымі агароджамі - райскія шаты са шматлікімі і самымі разнастайнымі кветкамі. Журналістка, зайшоўшы ў першую краму, звярнулася да касіра з прамым пытаннем, ці праўда, што тут жыве дачка расейскага прэзідэнта?

«Пуціна? Вядома! Увесь Варсхотэн ведае, што яна ў нас жыве са сваім мужам. Я, праўда, сама яе не бачыла... А можа, і бачыла. Я ж не ведаю, як яна выглядае. Зайдзіце ў супермаркет па шляху да яе дома, там больш ведаюць. У супермаркеце Albert Heijn - тым самым, што «па шляху» - юнак гадоў дваццаці выкладвае на вітрыну бутэлькі з сокам», - распавяла касір.

«Як выглядае дачка Пуціна, не ведаю, але сам ён да нас заязджаў, - будзённым тонам паведамляе хлопец. - Не памятаю, што менавіта купляў - нейкую бакалею, гэта было некалькі гадоў таму».

На пытанне ці не з мясцовых газет ён пра гэта «даведаўся», адказаў, не, - ад знаёмых знаёмых - хто-небудзь з іх нібыта бачыў Пуціна ў супермаркеце, сфатаграфаваў і фота выклаў у Facebook. Праўда, хутка выдаліў. Такую ж гісторыю распавялі і іншыя работнікі супермаркета.

Два сакрэтных пентхаўса

Нарэшце журналістка дабралася да раёна Крым. Тут праходзіць канал, дзе жыхары паркуюць свае лодкі. Дамы тут вышэй, у 5-10 паверхаў, усе як адзін цёмна-рудога колеру з пентхаўсамі наверсе. Яны стаяць паўколам каля вялікага возера, у якім плаваюць качкі.

«Так, Пуціна тут жыве, - ківае галандзец, які гуляе з сабакам. - Сам Варсхотэн - горад паспяховых людзей, а ў гэтым раёне селяцца самыя багатыя. Гэта вельмі прэстыжнае месца. Вось глядзіце - тут у нас прыватная школа Oleander, я туды дзяцей ваджу».

Гаманкі мужчына патлумачыў, што ў Галандыі прынята побач з дамафонам вывешваць спіс кватэр і іх уладальнікаў. Абсалютна ўсё таблічкі ў гэтым раёне запоўненыя імёнамі. Акрамя двух 2-павярховых пентхаўсаў у 10-павярховым доме.

«Жывуць, але больш нічога не скажу»

Прама ў сцяну пад'езда ў гэтым доме ўмантаваныя паштовыя скрыні, на кожнай з іх напісана па-галандску, хоча ўладальнік атрымліваць платную або бясплатную рэкламную рассылку. У кватэры без прозвішчаў два разы падпісана, што «не». Дзверы ў пад'езд зачыненыя, кансьержа няма - толькі відэадамафон. Журналістка патэлефанавала ў адзін з пентхаўсаў - там нехта зняў трубку, відавочна, паглядзеў у відэакамеру, але нічога не адказаў і не адкрыў. Па званку ў кватэру на першым паверсе дзяўчына ўсё ж такі патрапіла ў пад'езд, дзе яе сустрэў сівавалосы дзядуля, які спачатку прыняў госцю за работніцу кветкавага магазіна. Журналістка прызналася, што яна з Масквы і хоча даведацца, ці праўду пішуць пра тое, што тут жыве чалавек па імі Ёрыт Фаасен.

«Фаасен? Гэта які з дачкой Пуціна? - пераходзіць з галандскай на англійскую стары. - Вы ведаеце, яны ненавідзяць журналістаў, якія спрабуюць нешта пра іх выведаць. Я ў гэты дом пераехаў некалькі месяцаў таму, але ўжо дакладна гэта зразумеў. Ідзіце».

«Я не збіраюся нічога пра іх выведваць, проста правяраю інфармацыю. Так яны ўсё ж такі тут жывуць?» - зноў паспрабавала расеянка. «Жывуць, але больш я нічога не скажу», - адказаў галандскі дзядуля.

У завяршэнне сваіх прыгод журналістка ўсё ж такі паднялася на адзін з апошніх паверхаў загадкавага дома, дзе размешчаны безназоўны пентхаўс: «Выходжу з ліфта і... як быццам трапляю ў пастку. Паверх нечакана павузіўся амаль утрая. Аднекуль са столі даносіцца раўнамернае ціхае піканне. Відэакамеры або пажарная сігналізацыя? У пентхаўс вядуць чатыры дзверы - тэлефанаваць у іх я, натуральна, не стала. Хто б там ні жыў, ён мае права на недатыкальнасць прыватнага жыцця», - рэзюмуе яна.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках