9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Булгакаў: «Arche» могуць зноў зачыніць

2
Валерый Булгакаў: «Arche» могуць зноў зачыніць

Часопіс можа страціць рэгістрацыю, калі не выдасць хоць бы адзін нумар да 28 чэрвеня.

Пра гэта галоўны рэдактар «Arche» Валерый Булгакаў паведаміў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Я не адчуваю сябе ў небяспецы, хоць кантроль, безумоўна, вядзецца, але не магу сказаць які дакладна. Нейкіх актыўных мерапрыемстваў у дачыненні да мяне не адбываецца. Але не выключана, што пасіўныя сродкі назірання дзейнічаюць. Вярнуцца і жыць мне дазволілі без усялякіх праблем. Ніякіх арыштаў і гутарак і не было», - адзначыў журналіст.

Ён падкрэсліў, што дазвол на перарэгістрацыю з'яўляецца пазітыўным момантам.

«З іншага боку, нам на працягу 40 дзён неабходна выдаць хаця б адзін нумар. Калі мы да 28 чэрвеня гэтага года не выдадзім ніводнага нумара, то страцім рэгістрацыю ў адпаведнасці з Законам аб СМІ ў Беларусі. У ім сказана, што калі друкаваны сродак масавай інфармацыі не выходзіць на працягу аднаго года, то губляе рэгістрацыю. Апошні нумар «Arche» выйшаў 28 чэрвеня 2012 года, і цяпер нам, кроў з носа, трэба выдаць хаця б адзін нумар. Але пасля таго, што зрабілі з часопісам, спадзявацца на пазітыўны водгук з боку беларускіх друкарняў цяжка. Драматызм захоўваецца, але я спадзяюся, што надрукавацца ў нас атрымаецца», - сказаў на заканчэнне Валерый Булгакаў.

Нагадаем, у верасні галоўны рэдактар «Arche» Валерый Булгакаў быў затрыманы ў Гродне на прэзентацыі кнігі Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі». Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У друкарні, дзе выходзіў часопіс, упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў правяло праверку. Булгакава аштрафавалі на 500 тысяч рублёў. Баючыся яшчэ і крымінальнага пераследу, ён пакінуў Беларусь.

22 сакавіка стала вядома, што ніякай справы супраць «Arche» заведзена не было. У сярэдзіне красавіка Булгакаў вярнуўся ў краіну. Але па-ранейшаму пад арыштам знаходзяцца 5000 кніг, канфіскаваных у яго восенню, частку з якіх прадалі ў краме канфіскату.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках