«Беларусь-2» пакажа фінал Кубка выкліку
5- 24.05.2013, 15:27
БТ усё ж такі знайшло 10 тысяч еўра на трансляцыю фінальнага матчу СКА - «Эш» у прамым эфіры
Як сказалі ў дырэкцыі спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі, канал «Беларусь-2» арганізуе 25 траўня прамую трансляцыю паўторнага фінальнага матчу Кубка выкліку паміж менскім СКА і «Эшам» з Люксембурга, паведамляе «Прессбол».
Адзначым, што ў першым фінальным матчы мужчынскага гандбольнага Кубка выкліку менскі СКА выйграў у люксембургскага «Эша» з лікам 31:26. Гульня пачнецца на пляцоўцы «Менск-Арэны» ў 18.00.
Нагадаем, раней дырэкцыя спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі заявіла, што суботняя трансляцыя фінальнага матчу Кубка выкліку паміж менскім СКА і «Эшам» з Люксембурга выключаная з праграмы канала «Беларусь-2». Гэтага запатрабавала кампанія «EHF Marketing», якая валодае правамі на тэлепаказ фінальных матчаў і размяшчэнне на іх рэкламы.
За перадачу гэтых правоў яна запрасіла ў беларускага боку 10 тысяч еўра, прапанаваўшы ўзяць на сябе гэтыя выдаткі альбо клубу СКА, альбо тэлевізійнікам.
Армейскі клуб адмовіўся ад удзелу ў тратах, бо неабходнымі сродкамі не валодае. Натуральна, не былі прадугледжаныя яны ў бюджэце і каштарысах Белтэлерадыёкампаніі. Яна прапанавала ЕГФ супрацоўніцтва на бязвыплатнай аснове, гарантаваўшы вытворчасць «карцінкі» і ўздым яе на спадарожнік для дастаўкі іншым спажыўцам. Заўважым, што гэта агульнапрынятая ў падобных выпадках практыка.