Пракурору не спадабаўся рэпартаж пра стыхійнае бедства
26- 24.05.2013, 19:23
24 траўня старшыню гомельскага аддзялення «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Анатоля Гатоўчыца выклікалі ў абласную пракуратуру.
Старшы памочнік пракурора вобласці Дзімітрый Дзябой растлумачыў, што ў пракуратуры «ёсць звесткі, што 24 красавіка Гатоўчыц падрыхтаваў відэасюжэт на спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» аб паводцы ў Гомелі».
Журналіст заявіў, што гатовы прыйсці ў пракуратуру, але толькі на позву. Напярэдадні такая позва прыйшла на адрас Анатоля Гатоўчыца - ён павінен быў з'явіцца ў пракуратуру а 14 гадзіне 24 траўня, паведамляе ПЦ «Вясна».
Аднак у прызначаны час памочніка пракурора вобласці Дзімітрыя Дзябоя не было на месцы. Анатоль Гатоўчыц прачакаў яго 40 хвілін, але так і не дачакаўся.
«Хоць я сапраўды не рыхтаваў гэты рэпартаж, у мяне ўзнікае такое пытанне: чаму пракуратура не абараняе канстытуцыйныя правы грамадзян на распаўсюджванне і атрыманне інфармацыі? - Пракаментаваў журналіст свой выклік у пракуратуру. - Тым больш, гэты рэпартаж быў пра стыхійнае бедства пра жыццё і здароўе людзей».