Рабочыя абараняюць ад закрыцця льнозавод у Круглым
56- 25.05.2013, 13:49
У райцэнтры Круглае Магілёўскай вобласці работнікі мясцовага льнозавода пратэстуюць супраць яго ліквідацыі.
Прадпрыемства збіраюцца зачыніць, таму што яно нібыта нерэнтабельнае, знаходзіцца ў аварыйным стане і мае шматмільярдную запазычанасць. Работнікі заяўляюць, што гатовыя працягваць працаваць і выплаціць пазыкі, перадае «Радыё Свабода».
Льнозавод стаіць ад 20 траўня. У гэты дзень работніц не пусцілі ў цэх. Наступныя некалькі працоўных дзён жанчыны прыходзілі да прахадной і чакалі пакуль начальства перадумае. Яно ж прапанавала працу на Шклоўскім льнозаводзе. Работнікі з гэтым не пагаджаюцца.
«З зімы нас тэрарызуюць гэтым Шкловам. Пасяўная скончылася, пачаўся зноў гэты тэрор. А паперы ніякай няма пра закрыццё завода. Сказаў: хто не жадае - звальняйцеся, а калі будзеце пісаць заявы аб адпачынку, то пішыце з наступным звальненнем», - распавядаюць працаўнікі завода.
Начальства паведаміла, што працаўладкуе іх на месяц. Але што рабіць далей - людзі не ведаюць.
Ніхто з працаўнікоў пакуль не рашыўся на працу ў Шклове. Туды людзей абяцаюць вазіць аўтобусам. Ад Круглага да Шклова - чатыры дзесяткі кіламетраў. 24 работніка напісалі заявы на адпачынак і цяпер чакаюць, што будзе далей.
На тэрыторыі прадпрыемства стаіць новая тэхніка. Работнікі паказваюць на яе і кажуць: «Вось гэта нашы пазыкі».
Завадскі двор увесь у калдобінах.

«У нас будынкі - з 1947 года. Але і без рамонту усё працавала б. Гэта ж не першы год, калі мы так «селі». Мільярды пазычылі і сядзім. Людзі ў такіх умовах працуюць даўно», - кажуць работнікі.
Тое, што 24 работнікі напісалі заявы аб адпачынку, пацвердзілі ў адміністрацыі прадпрыемства. На працягу месяца, як паведаміў супрацоўнік адміністрацыі, будзе вырашаны яго лёс. Пакуль жа ніякіх дакументаў аб закрыцці льнозавода няма. Па словах суразмоўцы, Шклоўскаму заводу не хапае сыравіны і ён не зацікаўлены ў тым, каб у Круглым было такое ж прадпрыемства. Што тычыцца пазіцыі работнікаў, то прадстаўнік адміністрацыі адзначае:
«Людзей зразумець можна. Ім хочацца захаваць завод. Яны ўклалі ў яго, можна сказаць, часцінку сваёй душы. Прыходзілася ім і без зарплаты сядзець не адзін месяц. Але іх гэта задавальняе. Не хочуць ехаць у Шклоў, так туды мы аддаем зямлю і сыравіну, а людзі гэтыя нікому не патрэбныя. У Круглым усе арганізацыі можна пералічыць на пальцах. Яны не знойдуць сабе тут працу».
Ён распавёў і пра тое, якое зараз эканамічнае становішча на прадпрыемстве.
«Цэхі ў нас ёсць, абсталяванне працоўнае. 600 тон. Да гэтага ўпалі кошты на валакно, таму нам не хапала на заробкі, на электраэнергію. Крэдыторская запазычанасць складае 12 мільярдаў. Гэта запазычанасць расла яшчэ з 2007 года. Былі грошы ў нас скрадзеныя. Да гэтага часу займаюцца кампетэнтныя органы дырэктарам, які тады кіраваў», - сказалі ў адміністрацыі.

Даведацца ў холдынгу «Магілёўабллён», якому падпарадкоўваецца Круглянскі льнозавод, пра далейшы яго лёс не ўдалося. На званкі ніхто не адказваў. З сюжэту, паказанага на тэлеканале ОНТ вынікае, што лёс прадпрыемства нібыта ўжо вырашаны. Калі работнікі не адумаюцца, іх звольняць, а мадэрнізацыя льнозавода не прадугледжваецца. Гэты сюжэт работнікі Круглянскага льнозавода называюць тэндэнцыйным, хоць тэлевізійнікаў людзі запрасілі самі:
«Там зрабілі тое, што ім было выгадна. А тое, што людзі казалі, - не паказалі. Сказалі, што нібыта мы самі мітынгуем і не жадаем працаваць»
На льнозаводзе ў штаце каля 80 чалавек. Многія прапрацавалі тут больш за 15 гадоў. Шмат работнікаў перадпенсійнага ўзросту. Сярэдні заробак у іх складае крыху больш за 2 мільёны рублёў і залежыць ад сезону і попыту на ільняное валакно. У гэтым годзе льнозавод засеяў тысячу гектараў ільну. У мінулым годзе выканаў дзяржзамову на выраб валакна.