Беларускі асілак працягнуў сем счэпленых мікрааўтобусаў
36- 25.05.2013, 16:15
Знакаміты беларускі асілак Кірыл Шымко змог працягнуць звязаныя аўтобусы больш за дзесяць метраў.
Гэта адбылося на адкрыцці «Арэна-сіці» ў Менску, піша БелаПАН.
Вядомы тым, што перасоўваў танк, самалёт і нават чыгуначны састаў з пяці вагонаў, на гэты раз ён узяўся працягнуць рэкордную колькасць мікрааўтобусаў. Але спачатку Кірыл Шымко прапанаваў выпрабаваць сілу прысутным гледачам. Смельчакі знайшліся. Напрыклад, моцны байкер Сяргей здолеў зрушыць два счэпленых транспартных сродкі.
Нарэшце, Кірыл Шымко, грунтоўна размяўшыся, папрасіў звязаць фаламі адразу сем мікрааўтобусаў. І, выкарыстоўваючы для ўпораў спецыяльную лесвіцу, працягнуў іх добры дзесятак метраў пад народныя авацыі. Пасля чаго прыняў віншаванні заўзятараў і пачаў рыхтавацца да сваіх каронных сілавых трукаў - раздзірання і скручвання голымі рукамі патэльняў, гаечных ключоў, жалезных ланцугоў, стрымлівання двух магутных заведзеных матацыклаў.