18 красавiка 2024, Чацвер, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Альгерд Бахарэвіч: Лукашэнкаўская русіфікацыя правалілася

33
Альгерд Бахарэвіч: Лукашэнкаўская русіфікацыя правалілася

Беларускі пісьменнік, які жыве ў Гамбургу, мяркуе, што беларускі рэжым ужо прайшоў кропку незвароту

Творы Альгерда Бахарэвіча перакладзеныя на нямецкую, чэшскую, польскую, украінскую і расейскія мовы, ён не ўважае свой пераезд у Нямеччыну за эміграцыю.

Са словах пісьменніка, гэтыя ўцёкі ў свет еўрапейскай культуры, у тую свабодную Беларусь, якой пакуль няма на палітычнай мапе свету, але якая заўсёды з ім.

Лаўрэат некалькіх літаратурных прэмій Бахарэвіч не раз прадстаўляў Беларусь на міжнародных сустрэчах і фестывалях, у тым ліку і на сустрэчы беларуска-нямецкіх дзеячаў культуры "Ці ведаеце вы Беларусь?", што праходзіць цяпер у Рэгэнсбургу. У інтэрв'ю Deutsche Welle ён распавёў, як з Нямеччыны бачыцца сітуацыя ў Беларусі, і як тое, што адбываецца там успрымаюць немцы.

- З якой Беларусі вы з'язджалі ў 2007 годзе?

- Я з'ехаў у Нямеччыну пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года з "чырвона-зялёнага раю" колеру сцяга БССР. Паехаў ад міліцэйскага самавольства, безабароннасці і безнадзейнасці. Ад цэнзуры, аддзелаў ідэалогіі, антыбеларускай дзяржавы, заснаванай на рэпрэсіях, культу няздатнасці і сляпой паслухмянасці. Ад вечнай надзеі ўлады пратрымацца яшчэ пару гадкоў.

- У Беларусі вы цяпер бываеце толькі зрэдку. Што змянілася за гэты час у вас і вашых уяўленнях аб краіне?

- З'явіўся гонар. За тых, хто не з'ехаў, як я, і стварае ў Беларусі выспы свабоднага жыцця. За тых, хто насуперак жаданням улады будуе культурныя масты з усім светам, выходзіць на плошчу і сядзіць за гэта ў турмах. Ганаруся тымі, хто гаворыць па-беларуску, значыць, лукашэнкаўская русіфікацыя правалілася.

Думаю, што гэтая ўлада ўжо прайшла пункт незвароту. Шмат што з таго, што 6 гадоў таму можна было спісаць на нейкі абсурд, пасля падзей снежня 2010 успрымаецца выключна як аргументы на будучым судовым працэсе супраць улады. Бо сам тэрмін "лукашызм" не можа пазначаць грамадска-палітычны лад, таму што за ім няма нічога, акрамя кашы з савецкіх казак і асабістых інтарэсаў вузкага кола абмежаваных людзей.

Што да мяне самога, то з'явілася настальгія па родным Менску і ў той жа час адчуванне, што нельга вярнуцца і пачаць усё спачатку. Я адчуваю сябе чужым і там, і тут – становішча, якое спрыяе творчасці, якое пазбаўляе ілюзій, лечыць ад пафасу і робіць погляд вострым, а мову дакладнай. Але пры гэтым разумееш, што зямля сыходзіць з-пад ног, і прыходзіцца цягнуць сябе за валасы, як Мюнхгаўзэну.

- Што ведаюць пра Беларусь немцы, наколькі дасведчаныя аб тым, што адбываецца ў краіне?

- У большасці, не цікавяцца беларускай тэматыкай, уяўленне аб краіне прыкладна такое: гэта частка Расеі, дзе гавораць па-руску і п'юць гарэлку. І хоць у Ўсходняй Нямеччына пра нас ведае больш, пачынаю свой аповяд пра Беларусь у асноўным з геаграфіі. Хапае і блытаніны з самой назвай. Weißrussland - абсалютна непрымальная назва, якая тхне часам, калі Беларусь была часткай Расеі. Мне падабаецца асвячонае гісторыяй беларуска-нямецкіх стасункаў дакладнае слова Weißruthenien.

Немцам цяжка ўявіць, як гэта быць беларускамоўнай меншасцю ў Беларусі. Многія не могуць зразумець, чаму мы так чапляемся за родную мову, калі большасць беларусаў размаўляе па-руску. Вось і Deutsche Welle, на жаль, адвярнулася ад беларускай мовы. Мала хто задумваецца, што шлях у Расею для нас пагібельны, таму што многія расейскія дэмакраты не бачаць Беларусь самастойнай дзяржавай.

У той жа час, ёсць шмат немцаў, якія сэрцам успрымаюць нашы праблемы і нават гавораць па-беларуску. Можна ўспомніць розныя грамадзянскія ініцыятывы, дзейнасць інстытута Гётэ, партал literabel.de, і, вядома, Лейпцыгскі кніжны кірмаш з яго праектам знаёмства Еўропы з беларускай літаратурай.

- Чым вы тлумачыце тое, што многія беларусы далёкія ад палітыкі ў той час, як беларускі рэжым часта называюць апошняй дыктатурай Еўропе?

- Там, дзе ў іншых народаў працуе гістарычная памяць, у Беларусі працуе толькі страх. Гісторыя ніколі не прыходзіла сюды мірна, яна заўсёды ўязджала на беларускую зямлю на танку - што з захаду, што з усходу. І паводзіны людзей можна растлумачыць звычайным інстынктам самазахавання.

Але не варта блытаць усю Беларусь і Лукашэнку. Я хацеў бы, каб еўрапейскія палітыкі, нарэшце, зразумелі, што з беларускай уладай нельга гуляць па правілах і купляцца на яе абяцанні.

- Як можа развівацца сітуацыя ў Беларусі? Што падказвае ваш экскурс у літаратурную гісторыю краіны - "Гамбурскі рахунак Бахарэвіча"?

- "Гамбургскі рахунак" - кніга пра класікаў беларускай літаратуры, заслужана і незаслужана забытых. Вядома, краіне, дзе сталінскія каты знішчылі культурную эліту, мала аднаго стагоддзя, каб падняцца на ногі. Праз бесперапынную акупацыю краіны, вянцом якой з'яўляецца сённяшні рэжым, у Беларусі рвецца нітка, якая павінна была б злучаць розныя пакаленні.

Але гісторыя недвухсэнсоўна сведчыць, што пакуль беларусы не разбяруцца са сваім савецкім мінулым і не вызначацца, што рабіць з ідэалагічнай спадчынай, з нацыянальнымі муміямі і энкавэдзісцка-кадэбэшнымі героямі, мы і нашы нашчадкі яшчэ доўга будзем не паспяваць за сучаснасцю. У гэтай справе ніхто не дапаможа, пакуль беларусы самі не наважаацца ўзяць свой лёс у свае рукі. І я зычу ўсім нам перамен і сіл, каб не баяцца.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках